Зрыў супрацы Ірана зь «Беларуснафтай» — ня першы збой у шырока разрэклямаваным «прарыве Беларусі на пэрспэктыўныя рынкі».
Як і ў выкарыстаньні Беларусі ў «якасьці трампліна Ірана ў Эўропе». Праект вырабу «Самандаў» у Беларусі таксама сябе не апраўдаў.

Эканамічны эфэкт беларуска-іранскіх дачыненьняў выглядае сьціпла. Толькі летась аб’ём двухбаковага гандлю перасягнуў сымбалічную адзнаку 100 мільёнаў даляраў ЗША — хаця задача выйсьці на гэты рубеж была пастаўленая яшчэ ў далёкім 2004-м, падчас візыту ў Менск тагачаснага іранскага прэзыдэнта Хатамі.

Іранскі бок вынікамі супрацы пэрманэнтна незадаволены.
Іранскі амбасадар у Менску Абдула Хасэйні — абраны, дарэчы, у іранскім МЗСе «Найлепшым амбасадарам Ірана» мінулага году — яшчэ ўлетку 2009 году не стрымаўся.
«Сыстэма кіраваньня гэтай краінай [Беларусьсю] ня надта гладкая. Бюракратыя краіны даволі спэцыфічная». Яшчэ адной праблемай, зьяўляецца, на думку сп. Хасэйні, тое, што «ангельская мова ў гэтай краіне не пашыраная».

У тым самым выступе Хасэйні сказаў: «Мне здаецца, што ў пяцігадовым даляглядзе мы не пабачым сур’ёзных зьменаў у гэтай краіне, а яе інтарэсы настолькі спляліся ў адзін вузел з Расеяй, што яна ня здолее лёгка аддзяліць сваю палітычную структуру ад расейскай». Маўляў, Лукашэнкава Беларусь — ня цалкам самастойная адзінка.

Кантакты зь Беларусьсю мелі для іранскага рэжыму — як і для Менску ці Каракаса, аналагічна, — ня столькі камэрцыйны, колькі іміджавы характар —
як дэманстрацыя «наяўнасьці саюзьнікаў» і «прарыву на новы рынак». Тэгеран знаходзіцца яшчэ ў большай міжнароднай ізаляцыі, чым Менск.

Кантакты зь Беларусьсю зазвычай гучна асьвятляюцца ў іранскіх афіцыйных СМІ. Нэгатыў адсякаецца — так, нават апазыцыйныя іранскія СМІ «не заўважылі» ў лютым заявы беларускага віцэ-прэм’ера Сямашкі пра тое, што, вынікі «Саманда» нікчэмныя і ўвогуле завод можа быць перададзены кітайскім аўтавытворцам. Іранская навінавая агенцыя «Фарс» працягвае бадзёра пісаць пра ўсясьветныя посьпехі «Іран Ходроў», вытворцы гэтых цуд-машынаў, тлумачачы, што «завод у Сэнэгале забясьпечыць патрэбы афрыканскага рынка, а беларускі завод забясьпечыць патрэбы рынкаў СНД».

Тым ня менш,

урад Ірану ў апошні час правёў шэраг сьмелых эканамічных рэформаў, імкнучыся аздаравіць эканоміку. Паралельна з гэтым, відаць, ідзе пераацэнка тых праектаў, якія мелі больш палітычную, чым эканамічную подбіўку. У тым ліку і Джафэйр — гонар замежнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?