3 верасня пад Мінскам адбудзецца фолк-фэст «Камяніца». Гэтым разам мерапрыемства ўзначаляць беларускія гурты «Троіца», Osimira, а таксама лідэр украінскай рок-группы «Воплі Відаплясава» Алег Скрыпка.

Фэст адбываецца ўжо трэці год запар у Музеі народнай архітэктуры і побыту (вёска Азярцо, 4 км. за аўтарынак «Малінаўка»), на тэрыторыі якога знаходзіцца ўнікальная калекцыя аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў. Мэта мерапрыемства — прапагада беларускай культуры і дапамога музею. Усе грошы за ўваход ідуць на рахункі гэтай ўстановы, дапамагаючы захоўваць экспанаты.

Для кожнага з хэдлайнераў фестывалю выступ на сёлетняй «Камяніцы» будзе знакавым. Этна-трыо «Троіца» ўпершыню прадставіць у Беларусі на вялікай сцэне свой ухвалены крытыкамі новы альбом «Зімачка». Магілёўскі гурт Osimira, які добра ведаюць у Расіі, Украіне і Польшчы, выступіць ў Мінску ўпершыню з 2007 года. А для лідэра «ВВ» Алега Скрыпкі гэта першы ў Беларусі выступ з фолк-праграмай.

«Алег Скрыпка — не толькі знакаміты рок-музыка, але і вядомы прапагандыст украінскай культуры, у тым ліку народнай. Напрыклад, ён з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком вядомага ўкраінскага фолк-фэсту «Краіна мрій» і розных яго адгалінаванняў, — распавядае каардынатар «Камяніцы» Сяргей Чыгрынец. — Яму цікава паказаць беларускай публіцы сваю фолкавую праграму, паглядзець, як гэта адбываецца ў нас, знайсці нейкія новыя гурты для свайго фэсту. Нам вельмі прыемна, что гэта не проста нейкія грашовыя стасункі».

Уваход будзе адбывацца па квітках музею, якія каштуюць 10 тыс. руб. для дарослых і 5 тыс. руб для школьнікаў. Наведнікі будуць мець магчымасць не толькі паслухаць музыку, але і паглядзець усю экспазіцыю. Папярэдні продаж квіткоў — вул. Кальварыйская 17 — 614, тэл. (017) 209 41 63. Даведка: (029) 670 13 30.

Глядзі таксама: Рэпартаж з «Камяніцы-2010»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?