Авіякампанія SAS адмяніла рэйс у Чыкага з-за выяўлення мышы ў салоне свайго авіялайнера пры пасадцы пасажыраў у Стакгольме.

Грызун быў заўважаны ў аўторак у салоне самалёта А-330 незадоўга да пасадкі пасажыраў. Мыш бегала па праходзе паміж крэсламі. Па словах прадстаўніка кампаніі, жывёліну не здолелі злавіць, нягледзячы на дбайныя пошукі і ўстаноўку шматлікіх пастак. Рашэнне аб адмене рэйса было выклікана не толькі магчымай незадаволенасцю пасажыраў, але таксама і рызыкай таго, што мыш магла перагрызці электраправодку ў самалёце.

Як заявіў прадстаўнік SAS, усе 250 пасажыраў, якія затрымаліся ў аэрапорце Стакгольма, праявілі разуменне, а кампанія прыкладае ўсе намаганні, каб адправіць іх іншымі рэйсамі.

Аднак захоплены мышшу самалёт — адзін з найбуйнейшых авіялайнераў, што належыць кампаніі і знайсці яму замену будзе складана. Амерыканскія турысты Джэймс Роўч і Мэры Алсвагер правялі ў чарзе на новы рэйс больш за пяць гадзін. «Гэта самая дарагая мыш у гісторыі чалавецтва», — пажартаваў Джэймс Роўч.

На самай справе такое адбываецца не ўпершыню ў гісторыі грамадзянскай авіяцыі. У лістападзе 2009 года мышы на борце двух самалётаў амерыканскай авіякампаніі Delta прымусілі адмяніць два рэйсы з Нью-Ёрка ў Лондан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?