Маці палівязьня Эдуарда Лобава Марына атрымала ад Зьмітра Дашкевіча ліст. Гэта першая вестка ад яго за больш як месяц.

Раней Дашкевіча пакаралі карцэрам, а потым не пускалі да яго адвакатаў, лісты ад вязьня не даходзілі. Марына Лобава паведаміла пра Дашкевіча: «Піша, што цяпер ён знаходзіцца, як Мікіта Ліхавід, у ПКТ — гэта памяшканьне камэрнага тыпу. Зьмясьцілі яго туды на месяц, а потым будуць вырашаць паводле абставінаў. А наконт таго, за што яго пакаралі карцэрам, не напісаў. Раней я пыталася ў яго, ці, можа, ідзе які ціск на яго ў сувязі з прашэньнямі аб памілаваньні, дык ён напісаў толькі, што ніколі ня будзе пісаць такога прашэньня. Што ён узяў на сябе гэты крыж і адмаўляцца ад яго, здраджваць сваім прынцыпам ня будзе».

Зьмітра Бандарэнку неўзабаве могуць перавесьці з «Валадаркі» ў магілёўскую калёнію № 15, паведаміла жонка вязьня Вольга Бандарэнка са спасылкай на турэмнага лекара. Лекар запэўніў Вольгу Бандарэнку, што пры канваяваньні міліцыянты ўлічаць ягоны стан: «Адзінае добрае, што сказаў, што будуць перавозіць яго ў ляжачым стане. Гэта мяне крыху супакоіла, бо за этапаваньне я вельмі перажываю». Паводле рэкамэндацыі мэдыкаў з 5-га гарадзкога шпіталя, Зьмітру Бандарэнку пасьля апэрацыі патрэбная рэабілітацыя цягам ня менш як 6 месяцаў. Між тым вязьня зьбіраюцца накіраваць у калёнію, дзе паўнавартасная рэабілітацыя немагчымая.

У шклоўскую калёнію, дзе трымаюць экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, нарэшце даслалі ягоны пашпарт. Жонка вязьня Марына Адамовіч кажа, што зьвестак пра тое, дзе знаходзіцца пашпарт Статкевіча, не было з часу суду над палітыкам. Марына Адамовіч накіравала некалькі скаргаў адносна пашпарта Статкевіча: «Гэта Ленінскі раённы суд адправіў прысуд у калёнію, а пашпарт чамусьці на „Валадарку“. Але лёгіку гэтага кроку зразумець немагчыма. Я тлумачу гэта тым, што хацелі яшчэ болей зрабіць непрыемнасьцяў для вязьня».

Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле артыкула аб хуліганстве — за бойку, якую нібыта ўчыніў за дзень да выбараў, — напісаў маці, што не зьбіраецца падаваць прашэньне аб памілаваньні.

Тым часам з афіцыйных крыніцаў стала вядома, што 9-ы памілаваны Лукашэнкам, Уладзімер Хамічэнка, стаў на ўлік у міліцыі Слуцку, дзе яму прапанавалі працаўладкавацца і паабяцалі аказаць садзеяньне ў атрыманьні працоўнай спэцыяльнасьці.

Адразу пасьля падзей 19 сьнежня ў інтэрнэце Хамічэнка атрымаў мянушку «навушнік» з-за таго, што нібыта на ганку Дома ўраду перагаворваўся з кімсьці праз адмысловае прыстасаваньне. У судзе падазрэньні ў тым, што Хамічэнка быў правакатарам, не пацьвердзіліся. Зьвязацца з Уладзімерам Хамічэнкам пасьля ягонага выхаду на волю не ўдаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?