Гісторыкі кажуць, што пакінулі ў вестыбюлі інстытута, бо не здолелі зацягнуць на верх 150 кілаграмаў(!) мокрага дрэва

 Знаходка захоўваецца ў вестыбюлі каля падваконня.

Знаходка захоўваецца ў вестыбюлі каля падваконня.

Карэспандэнтка «Еўрарадыё» наведала Інстытут гісторыі, дзе цяпер знаходзіцца знойдзены на Расоншчыне драўляны ідал.

У вестыбюлі побач з ідалам стаіць супрацоўніца інстытута. Як выявілася пазней — гэта Вольга Ляўко, загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Драўлянага ідала прывезлі сюды па яе ініцыятыве. Але сфатаграфаваць знаходку нам катэгарычна забараняюць!

Вольга Ляўко: Пакуль мы яго не прывядзем у належны стан, я больш нікому не дам фатаграфаваць. Хопіць. Ужо і так у інтэрнэце фотаздымкі ўсіх, каму не ўздумаецца…

Еўрарадыё: Дык чаго ж вы яго тут пакінулі?

Вольга Ляўко: «Таму што ён важыць 150 кілаграмаў! Гэта па-першае. Па-другое, ён мокры. Яму трэба трошку падсохнуць. Ён трапіў у іншае асяроддзе. Вось ён трошку падсохне, і мы яго перанясем туды, дзе ён будзе стаяць. У музей. Музей у нас на 5-м паверсе. Вось і ўявіце, такую махіну цягнуць на пяты паверх...»

Па словах доктара гістарычных навук, прафесара Вольгі Ляўко, ідал спачатку «павінен акліматызавацца»: «Яго толькі ў пятніцу ў 11 гадзін вечара прывезлі і пакінулі каля вартаўніка у памяшканні нашага інстытута… І вось з панядзелка нас атакуюць журналісты і не даюць нам працаваць. А нам спачатку трэба было высветліць, хто, калі і як ім зоймецца».

Вольга Ляўко распавядае Еўрарадыё пра тое, што будзе далей адбывацца з ідалам. Пасля 20-х чыслаў жніўня кавалкам дрэва зоймуцца спецыялісты па кансервацыі.

Вольга Ляўко: «Мы цяпер звязваемся са спецыялістамі з Тэхналагічнага ўніверсітэта, якія займаюцца кансерваваннем дрэва. Яны распрацоўвалі спецыяльную праграму кансервавання для нашага музея “Бярэсце”. Там адкрылі вуліцу 13-га стагоддзя (драўляныя дамы, драўляная вымастка вуліцы). І вось гэты стан яны падтрымліваюць ужо амаль 30 гадоў».

Тэхналагічны ўніверсітэт — адзіная арганізацыя ў краіне, якая займаецца гэтымі пытаннямі. Цяпер спецыялісты ў адпачынку, таму давядзецца чакаць да 20 жніўня, калі яны выйдуць на працу, тлумачыць Вольга Ляўко: «Але у нас есць шанс пры неабходнасці скарыстацца дапамогай замежных спецыялістаў па кансервацыі драўляных вырабаў, якія таксама не супраць гэта зрабіць».

Паралельна навукоўцы вызначаць узрост самога дуба.

Вольга Ляўко: «З гэтым будзе працаваць дэндрахранолаг з Інстытута эксперыментальнай батанікі, Максім Ярмохін. Ён ужо тэлефанаваў, зацікавіўся гэтай знаходкай... Акрамя таго робяцца захады, каб хутчэй вызначыць узрост дуба радыёвуглеродным метадам у адпаведным інстытуце НАН Беларусі».

І трэцяе, што зробяць археолагі — даследуюць тэрыторыю, прылягаючую да месца, дзе знайшлі ідал.

Вольга Ляўко: «Мы будзем даследаваць прылягаючую тэрыторыю, для таго, каб выявіць, ці няма там якіх-небудзь слядоў старажытнага капішча, дзе б мог стаяць гэты ідал. Калі нам пашчасціць, і мы знойдзем гэтае капішча, правядзем там раскопкі, зможам больш дэтальна выявіць узрост капішча. І адпаведна — узрост ідала. І нарэшце, мы будзем даследаваць гэтую антрапаморфную выяву на прадмет яе падабенства з іншымі падобнымі знаходкамі на тэрыторыі Еўропы».

Драўляная скульптура — гэта велічэзная рэдкасць! Але пакуль не прайшлі даследаванні, пра ўзрост казаць рана… Гэта можа быць і IX стагоддзе, і нават першае стагоддзе да нашай эры (!), кажа доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Ляўко:

«Рэдкі выпадак, калі дрэва трапляе ў такія ўмовы, як гэтае, што яно ляжыць у вадзе. А дуб у вадзе толькі больш умацоўваецца, цвярдзее... Што тычыцца ўзросту, у нас да канца Х стагоддзя было язычніцтва. Адпаведна, любы ідал адносіцца да эпохі язычніцтва. Але язычніцтва мае вельмі старажытныя карані. І калі мы ўсталюем сувязь ідала з канкрэтным месцам, дзе ён, па ўсёй верагоднасці, стаяў, то храналагічная зона звузіцца. Мы будзем ведаць больш канкрэтна — IX гэта стагоддзе, або першае стагоддзе да нашай эры…»

Наша суразмоўца запэўніла нас, што дрэннага нічога з ідалам не здарыцца. Хутка ён адправіцца ў музей, дзе для яго падрыхтавалі месца.

Вольга Ляўко: «У нас у музеі пасярод адной з зал ёсць пляцоўка, дзе мы паставілі драўляны муляж язычніцкага ідала. І цяпер замест таго муляжа мы паставім гэтую знаходку. Вы ужо паверце, што я магчыма больш, чым хто іншы зацікаўленая, каб з ім была праведзеная тая даследчая праца і таго ўзроўня, якога ён заслугоўвае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?