Ты прачнуўся ў водах Дрысы,
Безыменны стод.
І падняў цябе нядаўна
Добры наш народ.

Што ты можаш распавесці
З глыбіні вякоў?
Што здаралася ў парэччы
Між лясных куткоў?

Памятаеш ты мінуласць,
Час Русі былой?
Помніш, як русіны гонар
Здабывалі свой?

Мо ты помніш Рагвалода,
Полацкіх князёў?
Памятаеш старадаўніх
Тураў і ласёў?

А Міндоўга памятаеш,
Віцязяў Літвы?
Як змагалісь разам з імі
Супраць татарвы?

Памятаеш, як хрысцілі
Наш крывіцкі край?
Як цябе ўтапілі ў Дрысе
Пад вароны грай?

Што ты можаш нам паведаць,
Старажытны стод?
Што пазнае аб Радзіме
Шчыры наш народ?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?