Пераможцы конкурсу «Арт-горад» на найлепшую ідэю аб’екта ў адкрытай прасторы Мінска ўзнагароджаны 18 жніўня ў Інстытуце імя Гётэ.

Конкурс твораў мастацтва ў гарадскім асяроддзі — адзін з этапаў праекта інстытута ў краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, які прысвечаны мастацтву ў публічнай прасторы. Этап праводзіўся ў Мінску, Новасібірску, Ульянаўску, Ташкенце, Тбілісі, Ерэване, Алматы.

Удзельнікам было прапанавана стварыць арыгінальную арт-інсталяцыю, якая, паводле іх меркавання, магла б размясціцца ў парку Сімона Балівара ў Мінску.

Усяго ў беларускім конкурсным этапе ўзялі ўдзел 10 работ 14 мастакоў.

Фаварытам конкурсу прызнаны малады мастак Алесь Кудрашоў з інсталяцыяй у выглядзе люстранога пакоя «Калідор вечнасці», якая рассыпаецца.
У якасці прызу арганізатары забяспечаць аўтару паездку ў Берлін у верасні гэтага года. Другое месца заняў Андрэй Бусел з інсталяцыяй з кветак сланечніка, яго ўзнагарода — семестравы курс вывучэння нямецкай мовы ў інстытуце. Трэцяе месца дасталася мастачцы Наталлі Пагаранскай.

Як паведаміў Алесь Кудрашоў, размяшчэнне люстэркаў на яго арт-інсталяцыі дае адчуванне бясконцай прасторы. «Люстэркі — гэта матэрыял, які мяне захапляе, ён мне цікавы. У гісторыі чалавецтва ён іграе вельмі цікавую ролю. У сінтаізме люстэрка — гэта адзіная культавая рэч, у беларускай культуры яно таксама іграе не апошнюю ролю, роўна як і ў міфалогіі», — растлумачыў аўтар пераможнай кампазіцыі.

«Важна, каб глядач знаходзіўся ўнутры гэтага пакоя, таму што бясконцае адлюстраванне без гледача бессэнсоўна, яно будзе жыць сваім асобным жыццём, — сказаў Кудрашоў. — Гэта матрыца, якая магла б запісваць дзеянні людзей. Чалавек зойдзе туды і пакіне нейкую рэакцыю, не выключана, што, напрыклад, учыніць акт вандалізму. Гэтыя рэакцыі я паспрабаваў прадбачыць і апісаў у сваёй працы».

Арганізатары плануюць прапанаваць Мінгарвыканкаму ўстанавіць працу Кудрашова ў парку Сымона Балівара ў 2012 годзе. Калі гарадскія ўлады падтрымаюць ідэю, фінансаванне праекта інсталяцыі інстытут возьме на сябе.
Як адзначыў начальнік упраўлення добраўпарадкавання і гарадскога дызайну камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Андрончык, ён не бачыць прычын, з-за якіх можна было б адмовіць у рэалізацыі гэтага праекта. Чыноўнік адзначыў, што ў крайнім выпадку «Калідор вечнасці» гарадскія ўлады могуць устанавіць часова.

У Інстытуце імя Гётэ з 18 жніўня па 18 верасня будзе працаваць выстава эскізаў работ удзельнікаў конкурсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?