19 жніўня 1991 г. ў Маскве так званы ГКЧП адхіліў прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова ад улады і абвясьціў ў СССР надзвычайнае становішча. Падзеі ў Менску прыгадвае тагачасны старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Зянон Пазьняк.

Пазьняк: «Дні путчу мне моцна адбіліся ў сьвядомасьці. Яны сталі пярэдаднем Незалежнасьці Беларусі. Менавіта правал путчу стварыў унікальную магчымасьць здабыць свабоду для нашай краіны. І мы скарысталі гэтую магчымасьць.

Пачатак путчу не засьпеў мяне дома, і пакуль я прыехаў у Вярхоўны Савет (здаецца, недзе каля 11-ай), дык там ужо сабраліся дэпутаты Апазыцыі БНФ, якія жылі ў Менску. І дарма час не марнавалі. Праца кіпела.

Галоўная нашая мэта была — арганізаваць грамадзкі супраціў путчыстам.

20 жніўня было ўтворана Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў, куды крыху пазьней уступіла бальшыня мужчынаў-фронтаўцаў. 21 жніўня на плошчы перад Вярхоўным Саветам маніфэставалі ўжо тысячы людзей. І якраз у гэты дзень путч праваліўся. У камуністаў пачаўся перапалох. Цяпер, як кажуць, нам трэба было — „Па конях, і да свабоды!“. Прытым — хутка, пакуль Масква была занятая сама сабой.

У нас было толькі некалькі дзён, і гэтыя дні сталі для Беларусі гістарычнымі. Незалежнасьць была здабытая»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?