Прыпынены вываз яго ў Расію ў рамках дамовы Клінтан-Мартынаў. Таксама прыпыненае стварэнне праграмы МБА пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Беларусь замарожвае праекты па абмене высокаўзбагачанага ядзернага паліва з ЗША ў адказ на ўвядзенне Злучанымі Штатамі эканамічных санкцый.

«Беларускі бок лічыць рашэнне ўрада ЗША аб увядзенні эканамічных абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь неабгрунтаваным і неправамерным захадам», — гаворыцца ў каментарыі прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных.

«Гэта палітычна матываваныя рашэнні, якія супярэчаць міжнародным абавязацельствам ЗША.
Дзеянні ЗША з’яўляюцца найгрубейшым парушэннем Будапешцкага мемарандума 1994 года, згодна з якім Злучаныя Штаты абавязаліся не прымяняць у дачыненні да Рэспублікі Беларусь меры эканамічнага прымусу. ЗША парушылі і палажэнні Хельсінкскага заключнага акта, які ўскладае на ўсе дзяржавы абавязацельства «пры ўсіх акалічнасцях устрымлівацца ад любога акта эканамічнага прымусу, скіраванага на падпарадкаванне сваім уласным інтарэсам ажыццяўлення іншай дзяржавай-удзельніцай правоў, уласцівых яе суверэнітэту», — адзначае прэс-сакратар.

«Увядзенне новых амерыканскіх эканамічных санкцый ідзе насуперак духу ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва. У гэтых умовах беларускім бокам

прынята рашэнне аб замарожванні распрацаваных сумесна з ЗША праектаў па абмене высокаўзбагачанага ядзернага паліва ў межах ініцыятывы па зніжэнні глабальнай пагрозы міністэрства энергетыкі ЗША, а таксама па стварэнні праграмы МБА пры Беларускім дзяржаўным універсітэце», —
інфармуе прэс-сакратар МЗС.

Пры гэтым, падкрэслівае Савіных, «Беларусь па-ранейшаму будзе арганізоўваць фізічную бяспеку ядзернага паліва ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі ў галіне нераспаўсюджвання».

«Мы таксама не выключаем прыняцця іншых мер у адказ. Спыненне Злучанымі Штатамі прымянення мер эканамічнага прымусу ў дачыненні да Беларусі і аднаўленне нармальнага клімату ва ўзаемаадносінах дадуць магчымасць аднаўлення супрацоўніцтва па гэтых праектах», — адзначаецца ў каментары.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю радыё «Свабода» сказаў, што гэта нагадвае яму спробу нешта рабіць супраць ветру. Бо нельга параўноўваць магчымасці ЗША і Беларусі.

«Любая канфрантацыя альбо ўнясенне нейкай дадатковай іскры будзе шкодзіць толькі нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, — мяркуе ён. — Падтэкст фактычна такі: у нас ёсць нейкія кампаненты, і мы можам імі распараджацца як заўгодна. Што гэта азначае? Перадамо вучням Усамы бін Ладэна? Калі на гэта пайсці, то гэта азначае, што Беларусь трапляе ва ўсе „чорныя спісы“ ААН. З вельмі моцнымі наступствамі».

Як паведаміў сёння кіраўнік атамнага інстытута ў Соснах Беларусь, у адпаведнасці з дасягнутымі з ЗША дамоўленасцямі, вывезла ў Расею толькі 10% ад запасаў высокаўзбагачанага ядзернага паліва, якія былі ў краіне. Астатняе пакуль захоўваецца ўнутры краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?