З часу, калі маладачанскі краязнаўца Міхась Казлоўскі выдрукаваў у "Куфэрку Віленшчыны" дзёньнік лідэра беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, ксяндза Адама Станкевіча, прайшоў год. Але падзея, што мусіла стаць сэнсацыяй, прайшла незаўважна. У прэсе не зьявілася ніводнай рэцэнзіі. Гэта й нядзіўна, бо сам часопіс выходзіць малым накладам і амаль нідзе не прадаецца. Між тым апублікаваны дакумэнт унікальны.

Лёс напісаных у 1937-1948 гадах "Каляндарных нататак" незвычайны. У 1970 г. надзейна схаваны да гэтага дакумэнт быў памножаны ў некалькіх асобніках на друкарцы Янкам Шутовічам, і цягам трыццаці гадоў асобнікі захоўваліся ў прыватных асобаў у Вільні. Рэдактар "Куфэрка" Міхась Казлоўскі выявіў іх і выдрукаваў.

У сваіх дзёньніках кс. А.Станкевіч адлюстраваў шырокую панараму грамадзка-палітычнага жыцьця Заходняй Беларусі 1930-1940-х гг. Прычым ксёндз не абмяжоўваўся толькі ўбачаным, а зьбіраў інфармацыю ад усіх людзей, з кім сутыкаў лёс. Тут і сустрэчы з генэралам Жалігоўскім, дырыжорам Рыгорам Шырмам, савецкімі пісьменьнікамі Лужаніным і Панчанкам, заходнебеларускімі паэтамі-камуністамі Максімам Танкам, Таўлаем і Пестраком. Апошняе шмат чым абвяргае ўяўленьне пра прынцыповае супрацьстаяньне заходнебеларускіх камуністаў і хадэкаў.

Найбольшую каштоўнасьць уяўляюць аўтаравы факты і разважаньні на тэму рэлігійнага жыцьця Заходняй Беларусі. Кс.Станкевіч шмат увагі прысьвяціўся справе "банкруцтва ў Беларусі польскага каталіцтва". Пасьля заканчэньня другой сусьветнай касьцёл у БССР ня змог злучыць людзей і стаць сымбалем нацыянальнага змаганьня, як гэта было ў Літве і Польшчы: "У БССР змушаюць палякоў ксяндзоў выяжджаць у Польшчу. Яны запісаліся на выезд самі і агітавалі беларусаў на гэта. Вось вынікі палітыкі [віленскага мітрапаліта] Ялбжыкоўскага і агулам польскага касьцёлу. А каб было ў каталіцкім касьцёле ў БССР беларускае карэньне, як бы ўсіх ён аб'яднаў".

Кс. Станкевіч праводзіць паралелі з рэлігійнай палітыкай царскіх уладаў у 1840-1880-я. "Каталікі - гэта палякі ў БССР, а праваслаўныя - гэта рускія. Такі бальшавікоў пагляд. Як даўней, так і цяпер…" Каталіцтва ў вачах бальшавікоў заставалася "польскай верай", і яны рэпрэсіямі, як і сто гадоў таму царская ўлада, кідалі беларусаў-каталікоў у абдымкі польскім ксяндзам-шавіністам. Кс. А.Станкевіч гаворыць, што беларусы-каталікі пішуцца палякамі і ад'яжджаюць у Польшчу, бо панічна баяцца савецкай улады. Таму ўлетку 1947 г. Станкевіч быў вымушаны з горыччу канстатаваць: "Беларусі і беларускасьці народ у БССР /Зах. Бел. цярпець ня можа, ён у сваёй цемнаце і нясьведамасьці ідэнтыфікуе Беларусь з бальшавізмам, каторага ненавідзіць усёй душой і ад каторага аж стогне…"

Найменш дасьледаваным гісторыкамі момантам, закранутым кс. А.Станкевічам у сваіх дзёньніках, ёсьць гісторыя яго перамоваў з савецкімі спэцслужбамі наконт стварэньня асобнага каталіцкага біскупства ў БССР.

Адама Станкевіча ўпершыню арыштавалі восеньню 1944 году. Знаходзячыся ў турме, бачачы разгубленасьць ксяндзоў-палякаў, якія нацыянальным шавінізмам губілі касьцёл, а зараз панічна ўцякалі з БССР, бязглуздую палітыку савецкай улады, ён вырашыў пайсьці ва-банк ды выступіў з прапановай стварэньня на тэрыторыі БССР асобнай каталіцкай дыяцэзіі, кананічна падпарадкаванай Ватыкану. Ідэяй ксяндза зацікавіліся.

Так зьявіўся афіцэр спэцслужбаў, якога ксёндз называе Мэфістофэль. У "Каляндарных нататках" Станкевіч апісвае каля дваццаці сустрэчаў з супрацоўнікамі апарату НКГБ, якія запрапанавалі выкласьці свае погляды на справу каталіцтва ў Беларусі. У канцы 1944-га - 1945-м гадах кс. Станкевіч напісаў некалькі праектаў рэформы каталіцтва на Беларусі. Ён даказваў, што касьцёл з XVI стагодзьдзя быў сродкам палянізацыі беларусаў, таму неабходна падпарадкаваць беларусаў-каталікоў непасрэдна Рыму, бяз сувязі з Польшчай, і пачаць паступовую беларусізацыю каталіцкага жыцьця ў БССР.

Станкевіча зразумелі па-свойму. Увосень 1945 году ён атрымаў прапанову ўзначаліць… "Беларускі аўтакефальны каталіцкі касьцёл", які не прызнаваў бы Ватыкану й Папы. Гэта была грандыёзная задумка савецкіх спэцслужбаў, якая капіявала справу ксяндза Сенчыкоўскага, што ў 1860-х гадах з падачы расейскага ўраду спрабаваў русіфікаваць каталіцтва.

Ксёндз Станкевіч ведаў, што калябарацыя з савецкімі спэцслужбамі нічога, акрамя шкоды, беларускаму народу і касьцёлу не прынясе. Таму ён пераконваў кантору Мэфістофэля ў канечнасьці падпарадкаваньня Рыму. Часамі здавалася, вагі схіляюцца на бок кс. Адама: "Візыт у м-сто. Прыязны, бітая штука. Ужо прапазык недарэчных няма. Наадварот, трэба выступіць да кананічнага парадкаванага каталіцкага касьцёлу ў БССР... Калі гэта гаворыцца шчыра, дык гэта ўжо нешта новае, і яго недацэніваць ня можна. Дай, Божа, сьвятла і сілы". Але дарма, Мэфістофэля было не падмануць: нармалізацыя каталіцкага жыцьця і яго беларусізацыя былі магчымыя толькі пры ўмове непрызнаньня Рыму.

Вялікая, непараўнальная ні з чым гульня. Засьнежанымі віленскімі вуліцамі крочыць ад сваёй кватэры на Зарэччы да будынку літоўскага МГБ ксёндз і там пераконвае, угаворвае, даказвае. Вядзе барацьбу ў марнай надзеі заступіцца за свой народ, гледзячы, як падаюць навокал сябры і паплечнікі: "Ст[аніславам] Грынкевіч (у 1931-1936 - віцэ-старшыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, лекар. - "НН") расстраляны, а зь ім яшчэ 12 асоб... З др. Фр[анцішкам] Грышкевічам (доктар філязофіі, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. - "НН") такая гісторыя: яго вялі, ён кінуўся ўцякаць і скончыў самагубствам. Найхутчэй, загадалі ўцякаць і ў сьпіну застрэлілі". Такіх сьведчаньняў на старонках дзёньніка шмат.

Кс. А.Станкевіч выйграць гульні ня мог. Дый ці выйграў хто калі супраць Мэфістофэля? Але ішоў да канца. Апошнія запісы: "...я ім нічога не дапамог, і яны ня маюць да мяне даверу. Кіраўнік бел. касьцёлам мусіць быць агентам НКГБ... Мой адказ: біскупства і паліцыйная агентура выключаюцца - і няма што аб гэтым гаварыць", "М-сто сказаў выразна: "Нет с вас никакой пользы". Як жа гэта мяне радуе. Мой адказ быў: "Не забывайте, что у меня есть совесть". Чым гэта ўсё скончыцца, адзін Бог ведае".

Чатыры гады гэтых "перамоваў" далі ксяндзу чатыры гады вольнага жыцьця, але кіраўніцтву МДБ ЛССР так і не ўдалося схіліць кс. А.Станкевіча да ўступкі па прынцыповым пытаньні. 13 красавіка 1949 г. яго арыштоўваюць - напэўна, разьлічваючы такім крайнім спосабам схіліць да супрацы. Пасьля катэгарычнай адмовы ўзначаліць аўтакефалію касьцёлу ў БССР ксёндз, канечне, павінен быў памерці...

Ксяндза Станкевіча чакалі скоры суд і сьмерць у лягеры за тысячы кілямэтраў ад Радзімы. Ахвяраваўшы жыцьцём, кс. Адам адвёў ад беларускага касьцёлу небясьпеку расколу і дыскрэдытацыі.

Янку Шутовічу цудам удалося вынесьці з кватэры ксяндза Станкевіча частку бібліятэкі й архіву: адны дзьверы ксяндзовага кабінэту гэбісты апячаталі, а другія, засунутыя шафай, не апячаталі.

Гісторыя часам бывае няўмольна жорсткай. Як сьведчаць апошнія дасьледаваньні, іншы беларускі ксёндз, Вінцэнт Гадлеўскі, які таксама хацеў самастойнага беларускага біскупства, заплаціў сваім жыцьцём за тое, што адмовіўся пайсьці на калябарацыю зь немцамі, якія яшчэ ў 1942 годзе хацелі ад яго такой жа калябарацыі, якую прапаноўвалі савецкія спэцслужбы кс. А.Станкевічу колькі гадоў пазьней.

Адам Станкевіч (1892-1949). Народжаны ў Арлянятах, ён скончыў сэмінарыю ў Вільні, акадэмію ў Петраградзе. Быў пасьвячоны ў сьвятары ў 1914. Ён быў сваяком іншага вядомага Станкевіча з Арлянятаў - палітыка і навукоўца Янкі. Быў маторам беларускага руху - рэдактарам-выдаўцом "Хрысьціянскай думкі" (1928-1939), заснавальнікам друкарні імя Скарыны, выкладчыкам Беларускай гімназіі. Ён аўтар шэрагу кніг, якія ня страцілі навуковай вартасьці дагэтуль. Арыштаваны ў 1949 годзе, загінуў у савецкім канцлягеры ў Тайшэце ў той жа год. "Arche" рыхтуе Збор твораў кс.Станкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0