Прадаўцы скардзяцца, што людзі наогул не купляюць садавіны, таму цэны даводзіцца зніжаць.

Паводле звестак Белстата, цэны на бананы і персікі знізіліся. А вось родныя бульба і яблыкі, наадварот, падаражэлі.

Белстат: У ліпені ў параўнанні з чэрвенем 2011 цэны на бульбу падняліся на 15,6%, яблыкі падаражэлі на 9,1%. Цэны на персікі знізіліся на 33,1%, бананы — на 23,5%, вінаград — на 16,3%.

Атрымліваецца, наша інфляцыя — праз беларускую бульбу, а не імпартныя бананы? Чаму так адбываецца?

У людзей папросту няма грошай, каб купляць бананы. Таму цэны даводзіцца зніжаць, тлумачаць патанненне садавіны ў фірме-імпарцёры «Альмепрод»:

«Калі раней чалавек купляў дзіцяці галінку бананаў, то цяпер ён купіць адзін або два. У людзей няма грошай, і яны думаюць, як ім купіць малако і хлеб, а не бананы і персікі. Таму, адпаведна, рынак усім гэтым насычаны, і пастаўшчыкам даводзіцца зніжаць цэны. Я лічу, гэта галоўны фактар. Аб’ёмы знізіліся па ўсёй краіне».

У мінскай краме, якая рэалізуе садавіну і гародніну, кажуць, што кожны дзень выкідваюць імпартную прадукцыю на сметнік:

«Ну, садавіна імпартная… я пра яе і гаварыць не буду. У мяне яны не ідуць. Кожны дзень толькі паволі выкідваем. Яны вельмі дарагія. Яблыкі імпартныя… я паволі выкідвала, выкідвала — і выкінула іх. На сённяшні дзень у мяне наогул няма імпартнай прадукцыі. Толькі апельсіны, лімоны, бананы. Іх не купляюць! Н, хто будзе купляць мандарыны па 20 тысяч? Вельмі дрэнна купляюць і бананы…»

Цэны на садавіну зніжаюцца, таму што раней былі завышаныя,
кажуць у фірме «Магнір»:

«Па-першае, сезоннасць. У сезон цана заўсёды падае. Магчыма, зрабілі большы запас у чаканні росту курсу, а потым пакупніцкі попыт зменшыўся — і цану знізілі. Паменшылі гандлёвую надбаўку».

Бульба ў Беларусі за апошні месяц падаражэла на 15,6%. Але ў крамах і на агароднінных базах, а таксама на фермерскіх гаспадарках пра гэта ад «Еўрарадыё» чуюць упершыню.

Фермерская гаспадарка Рынга: «У мяне, наадварот, усё патаннела. Калі я бульбу ў чэрвені прадаваў ад 3 да 5 тысяч, то цяпер цана без ПДВ знізілася да 900 рублёў. Бурак таксама патаннеў. Усе цэны пайшлі ўніз. Бурак быў больш за 2 тысячы — цяпер 1400. Усюды так. Не толькі ў мяне».

Капусту тут наогул прадаюць у страту.

«Таму што інакш яна проста знікне. Хутчэй за ўсё гэта гандаль. Магчыма, у іх з’явілася вольніца з нацэнкамі?»

Але і ў крамах кажуць, што цэны на бульбу падаюць:

«Бульба даўно па цане 2200, і на буракі не павышалася, а падае, і на рынку таксама».

Такая ж сітуацыя і на агароднінных базах:

«У нас цэны, наадварот, панізіліся. Калі бульба ў нас, напрыклад, у чэрвені каштавала 5250, то ў ліпені ўжо было 4000, а ў жніўні — 1800. У нас няма павышэння па гародніне, наадварот — паніжэнне. У жніўні цэны ў нас стабілізаваліся і не змяняюцца».

Ва ўпраўленні спажывецкіх цэн Белстата тлумачаць, што бульба падаражэла па ўсёй краіне. І толькі ў Мінску цэны знізіліся.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?