XI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі пройдзе 26—28 жніўня ў Маладзечне. Мэта гэтага музычнага свята — «далучэнне шырокіх колаў насельніцтва краіны да нацыянальных каштоўнасцяў, беларускай музыкі, паэзіі і мовы», а таксама «папулярызацыя новых твораў сучасных беларускіх паэтаў і кампазітараў, пошук таленавітых выканаўцаў і рэалізацыя іх творчага патэнцыялу, пашырэнне творчых кантактаў»,
паведамілі ў прэс-службе Міністэрства культуры.

Фестываль пройдзе пад эгідай Мінкультуры, Мінскага аблвыканкама, Маладзечанскага райвыканкама, Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

Асноўнымі месцамі, дзе адбудуцца запланаваныя мерапрыемствы, стануць амфітэатр, Палац культуры і Маладзечанскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя Агінскага. Праграма свята разнастайная — «ад акадэмічных твораў беларускіх кампазітараў ХХ стагоддзя» да «сучасных твораў у выкананні як знакамітых артыстаў беларускай эстрады, так і маладых спевакоў», гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. Адбудзецца таксама Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Адкрыецца фестываль канцэртам, прысвечаным творчасці Уладзіміра Мулявіна (сёлета адзначаецца яго 70-годдзе).

Творы Мулявіна прагучаць ў выкананні лепшых беларускіх артыстаў у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі.

Навінкай у фармаце свята стане канцэрт, разлічаны на моладзь, — «Маладзечна. ROK» з удзелам беларускіх рок-гуртоў і асобных рок-выканаўцаў [відаць жа з не з «чорнага спісу»]. А беларускія паэты правядуць на фестывалі паэтычны марафон.

Упершыню плануецца правесці круглы стол «Беларуская паэзія і песня: сучасны фармат» з удзелам кампазітараў, паэтаў-песеннікаў, выканаўцаў, прадзюсараў, праграмных дырэктараў FM-радыёстанцый, прадстаўнікоў тэлебачання і іншых СМІ, адзначана ў паведамленні прэс-службы Мінкультуры.

Трохдзённае свята скончыцца феерверкам і начным джазавым канцэртам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?