Лідар міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Зміцер Дашкевіч перадаў свайму адвакату шматлікія скаргі на нестатутнае абыходжанне ў калоніі.

Як паведаміла намеснік старшыні «Маладога фронту» і нявеста Дашкевіча Анастасія Палажанка, адвакат нарэшце змог сустрэцца з Дзмітрыем вечарам 24 жніўня. «Дашкевіч падаў скаргі на неаднаразовае парушэнне адміністрацыяй папраўчай калоніі № 9 яго права на абарону і іншых прадугледжаных законам правоў. Акрамя гэтага,

Дашкевіч заяўляе пра націск і правакацыі ў дачыненні да яго з боку асуджаных»,
 — сказала Палажанка.

Паводле яе слоў, Дашкевіч напісаў скаргі ў Генеральную пракуратуру, дэпартамент выканання пакаранняў, ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС, у МУС і іншыя структуры.

Палажанка нагадала, што адвакаты не маглі трапіць на спатканне да Дашкевіча на працягу апошніх двух месяцаў. У сувязі з гэтым актывісты «Маладога фронту» нават праводзілі пікет каля сцен калоніі, падчас якога былі затрыманы, а пазней асуджаны і пакараны адміністрацыйным арыштам.

Некалькі дзён таму Палажанка накіравала ў Генпракуратуру заяву з патрабаваннем распачаць крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніцтва калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць), якое парушае права Дашкевіча на абарону.

Зміцер Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым былі затрыманы ў Мінску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Іх абвінавацілі ў збіванні двух мінчан. Затрыманне маладых палітыкаў прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў і акцыі апазіцыі. 24 сакавіка суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?