Ад Рэдакцыі. Андрэй Суздальцаў вядомы працай у якасьці аналітыка пэўных расейскіх карпарацый. Як грамадзянін Расеі, ён быў дэпартаваны зь Беларусі на пачатку гэтага году. Ягоныя падлікі не пазбаўлены памылак. Гэтак, А.Суздальцаў нават забываецца ўлічыць, што Беларусь сама здабывае 1,8 млн тон нафты. Тым ня менш, мы палічылі артыкул вартым перадрукаваньня, бо ён адлюстроўвае пазыцыю фінансавых і палітычных колаў Расеі, тлумачыць, для чаго яны пайшлі на падпісаньне пагадненьняў у Маскве і як яны будуць падыходзіць да інтэрпрэтацыі гэтых дакумэнтаў.

Беларускія СМІ актыўна радуюцца «перамозе» А.Лукашэнкі ў Маскве. Давайце падрахуем пагадненьне на 2007 г., сьвядома не заглядаючы ў наступныя гады, бо Расея ўжо пры канцы 2007-га будзе ў СГА і ўсе пагадненьні з РБ будуць перагледжаныя. Такім чынам:

1. Умовы пагадненьня ад 12.01.07: вывазное расейскае мыта – 53 USD на 2007 год. Адкуль узялася гэтая лічба? Для Беларусі будзе прымяняцца каэфіцыент у памеры 0,293 да стаўкі агульнага экспартнага мыта на нафту, што складае каля $180 за тону. Пры гэтым стаўка агульнага мыта пералічваецца раз на два месяцы, аднак каэфіцыент 0,293 на 2007 год застанецца нязьменным. У 2008 годзе гэты каэфіцыент складзе 0,335, у 2009 годзе — 0,356. Вось і атрымліваем ад 180 USD выніковыя 53 USD.

Але далей – яшчэ цікавей. Калі беларусы вывезуць з Расеі нафту, заплацяць 53 USD за кожную яе тону (у 2007 г.) і паспрабуюць адправіць гэтую нафту далей на Захад, г.зн. перапрадаць, то на мяжы РБ і ЭЗ мыта ўжо ўсталёўваецца па 180 USD за тону і 108 USD за тону нафтапрадуктаў. Адпаведна з падпісаным пагадненьнем пра меры па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сфэры экспарту нафты і нафтапрадуктаў, у 2007 годзе Расея будзе атрымліваць 70% мыта, а Беларусь — 30%, у 2008 годзе — адпаведна 80% і 20%, у 2009 годзе — 85% і 15%. Пералічваем: на заходняй мяжы за тону расейскай нафты, што ідзе на рээкспарт, беларусам давядзецца аддаць у расейскі бюджэт 126 USD за тону і 75,6 USD за тону нафтапрадуктаў. У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, ужо заплачаныя 53 USD будуць залічаныя. Ёсьць і ўмова: калі беларусы затрымліваюць плацяжы ў расейскі бюджэт – імгненна на экспарт нафты ў РБ уводзяцца стандартныя мыты.

Спачатку палічым, колькі зэканомілі беларусы на расейскай нафце ў 2006 годзе. Вывазное мыта на сырую нафту з РФ у 2007 г. – 180 USD/т. Беларусь вывезла з РФ (груба) 21 млн. тонаў сырой нафты, не пералічыўшы ў бюджэт РФ 3780 млн. USD. Гэта эканомія. Ёсьць яшчэ даход ад продажу нафтапрадуктаў і за рээкспарт сырой нафты. Усяго – каля 6 млрд. USD – 17% ВУП. Няблага, а калі яшчэ ўлічыць з эканоміяй за газ, дык нават дзіўна, чаму ў Беларусі не пабудавалі па «Алмазе ведаў» у кожным раённым цэнтры?

А што заплаціць Беларусь цяпер?

2. У 2007 годзе, калі Беларусь увязе з Расеі ўвесь аб’ём заплянаванай нафты – 21 млн. тонаў, то яна пакіне ў расейскім бюджэце 1113 млн USD. Можна лічыць, што гэтыя грошы сышлі… Затое ў краіне — 21 млн. тонаў аплачанай сырой нафты. Вось тут пачынаюцца адкрыцьці… Аўтар гэтых радкоў другое дзесяцігодзьдзе наіўна лічыў, што ўнутраныя патрэбы РБ у сырой нафце складаюць 7,5 – 8 млн. тонаў. Раптам 12 студзеня на перамовах Маскве беларуская дэлегацыя заяўляе, што, аказваецца, унутраныя патрэбы РБ – 4 млн. тонаў. Аказваецца, Менск гадамі перад Масквой ламаў камэдыю, выпрошваючы на «братэрскі беларускі народ» удвая болей за ягоныя патрэбы. Добра, паверым беларускай дэлегацыі…

Лічым далей: 21 млн. тонаў мінус 4 млн. тонаў на ўнутраны рынак. Застаецца для экспарту – 17 млн. тонаў. Калі ўвесь гэты аб’ём РБ адправіць безь пераапрацоўкі на экспарт (сумнеўны варыянт), то ў расейскі бюджэт давядзецца аддаць ((126 – 53) х 17 млн. тонаў) 1241 млн. даляраў. Разам з ужо заплачаным увазным мытам на ўваходзе ў Беларусь – 2354 млн. USD.

Возьмем іншы варыянт. Беларускія НПЗ пераапрацоўваюць штогод 18 млн. тонаў. Болей тэхнічна ня могуць. Мінус 4 млн. тонаў на ўнутраны рынак. Усяго для экспарту застаецца 3 млн. тонаў сырой нафты ((126 – 53) х 3 млн. тонаў) = 219 млн. даляраў. Акрамя таго, зьяўляецца 9,8 млн. тонаў сьветлых нафтапрадуктаў (глыбіня пераапрацоўкі нафты на беларускіх НПЗ крыху вышэй за 70%. (На Кірыскім НПЗ у Расеі – больш за 80). Такім чынам, лічым «сьветлыя нафтапрадукты» ((108 – 53) х 9,8 млн. тонаў) = 539 млн. даляраў. Усяго ў бюджэт РФ ідзе (1113 + 219 + 539) = 1871 млн. USD.

Сапраўды, у гэтым варыянце беларускія НПЗ загружаныя, але РБ павінна аддаць у расейскі бюджэт 5,3% ВУП. Вось такі «беларускі варыянт»…

Аднак ёсьць і пастка. Няма ілюзіяў, беларускія ўлады генэтычна ня здольныя выконваць абяцанае і яны абавязкова паспрабуюць падмануць Маскву. У Беларусі падмануць расейскае кіраўніцтва лічыцца доблесьцю… Аднак, ёсьць падазрэньне, што Масква ўлічвае гэтую традыцыю беларускай кіруючай намэнклятуры. Таму Кудрын ужо загадзя, паціраючы рукі, кажа пра тое, што расейскі бюджэт атрымае больш за 3 млрд. USD. Расейскае кіраўніцтва будзе літаральна пільнаваць кожную тону нафты, што рээкспартуецца. Стаўка тут велізарная – 3780 млн. USD – амаль 11% беларускага ВУП. Гэта катастрофа для беларускай эканомікі.

Цяпер беларускія СМІ спрабуюць нам даказаць, што А. Лукашэнка не саступіў у трэці раз Маскве за апошнія два тыдні, а вядзе беларусаў ад перамогі да перамогі. Калі перад намі «перамога» Лукашэнкі, дык што тады назваць паразай?

Застаецца толькі нагадаць: «Адпаведна з падпісаным пагадненьнем пра меры па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сфэры экспарту нафты і нафтапрадуктаў, у 2007 годзе Расея будзе атрымліваць 70% мыта, а Беларусь - 30%, у 2008 годзе - адпаведна 80% і 20%, у 2009 годзе - 85% і 15%. Пералічваем: на заходняй мяжы за тону расейскай нафты, што ідзе на рээкспарт, беларусам давядзецца аддаць у расейскі бюджэт 126 USD за тону і 75,6 USD за тону нафтапрадуктаў. У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, ужо заплачаныя 53 USD будуць залічаныя. Ёсьць і ўмова: беларусы затрымліваюць плацяжы ў расейскі бюджэт – імгненна на экспарт нафты ў РБ уводзяцца стандартныя мытныя пошліны».

Акрамя таго, ужо атрыманае МЕРКАВАНЬНЕ, што ўжо заплачаныя 53 USD НЯ ЎЛІЧВАЮЦЦА пры перасячэньні сырой нафты і нафтапрадуктаў заходняй мяжы Беларусі. У гэтым выпадку беларусы заплоцяць усё тыя ж 180 USD за тону сырой нафты. Фактычна, вываз нафты з РБ закрыты…

Андрэй Суздальцаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?