Прапанова Аляксандра Лукашэнкі «прадстаўнікам усіх палітычных сілаў сесці за круглы стол для выпрацоўкі захадаў па паляпшэнні сітуацыі ў краіне» — ужо чацвертая за час ягонага прэзідэнцтва. Тры папярэднія не далі ніякіх вынікаў.

Упершыню ідэю «круглага стала» ўсіх палітычных сілаў неўзабаве пасля перамогі А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года прапаноўваў яго памочнік Сяргей Посахаў.

Другая спроба ўнутрыбеларускага дыялогу была зробленая з ініцыятывы ЕС у 1997 годзе, пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 годм і ўвядзення першых дыпламатычных абмежаванняў адносна афіцыйнага Мінска з боку Захаду. Перамовы пачаліся 17 чэрвеня 1997 года. Урадавы бок прадстаўлялі міністр замежных справаў Іван Антановіч, намеснік кіраўніка адміністрацыі Іван Пашкевіч і начальнік галоўнага ўпраўленьня грамадска-палітычнай інфармацыі адміністрацыі Міхаіл Падгайны. Вярхоўны Савет прадстаўлялі дасведчаныя старшыня разагнанага Вярхоўнага Савета Мячэслаў Грыб, віцэ-спікер Генадзь Карпенка і старшыня міжнароднай камісіі парламента Пятро Краўчанка.

Наступная спроба дыялогу была зробленая ў 1999 годзе пад эгідай кансультацыйна-назіральнай місіі АБСЕ на чале з Хансам-Георгам Вікам. У тых перамовах з урадавага боку ўдзельнічалі памочнік прэзідэнта Міхаіл Сазонаў, рэдактар газеты «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч, дырэктар Інстытута сацыяльна-палітычных даследаванняў пры адміністрацыі прэзідэнта Яўген Матусевіч і іншая асобы. Апазіцыйны бок прадстаўлялі: ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Анатоль Лябедзька і Станіслаў Багданкевіч; ад Партыі камуністаў Беларусі — Сяргей Калякін і Алена Скрыган, ад Народнай Грамады — Мікола Статкевіч і Мячэслаў Грыб; ад БСДГ — Станіслаў Шушкевіч і Алег Трусаў, ад Партыі працы — Леанід Лемяшонак; ад ЛДПБ — Сяргей Гайдукевіч і Алег Маркевіч; ад БНФ — Юры Беленькі; ад Партыі жанчын «Надзея» — Валянціна Палевікова. У склад апазіцыйнай дэлегацыі таксама ўваходзіў кіраўнік цэнтра прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў, эксперт цэнтру прававой абароны СМІ Юры Тапарашаў і галоўны рэдактар ​​аналітычнай службы БелаПАН Уладзімір Глод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?