29 жніўня пачаўся судовы працэс над апошнім абвінавачаным па справе аб масавых беспарадках Святаславам Барановічам. Але суддзя змяніла толькі меру стрымання яму на падпіску аб нявыездзе і перанесла пасяджэнне на 28 верасня. Святаслаў адказаў на пытанні «НН».
Святаслаў Барановіч.
«НН»: Як сябе адчуваеце пасля двух з паловай месяцаў, праведзеных за кратамі?
СБ: Хачу сказаць, што добра, можа нават надта добра. Увесь час выходзіў у дворык на свежае паветра. Сачыў за здароўем. Я раней займаўся прафесійна боксам – таму для мяне гэта быў санаторый.
«НН»: Была магчымасць займацца фізічнай культурай хаця б мінімальна?
СБ: Качалак не было. Але падладзіўся. Адціскаўся. Ёсць жа і іншыя практыкаванні.
Харчаванне такое было, што і ногі «працягнуць» можна. Удзячны, што сястра дапамагала. Без падтрымкі з волі там надта цяжка. Да сукамернікаў не маю прэтэнзій. Па маім выглядзе ж відно, што жарты са мной могуць скончыцца непрыемна для іх.
«НН»: Раскажыце пра акалічнасці вашага затрымання.
СБ: Я сам прыйшоў у міліцыю. Я да гэтага ў іх быў. Мяне тады на відэа знялі. І пасля вылічылі. Я сам прыехаў — а што тут хаваць. Я ж не такое злачынства здзейсніў, каб хаваць. Улады самі здзейснілі вялікае злачынства, як збівалі дзяўчат…
«НН»: Да арышту вы ведалі, чым скончыліся суды па падзеях на Плошчы. Не думалі, што і вас могуць арыштаваць?
СБ: Я чакаў. Быў гатовы. Цягнуў час, каб грошай зарабіць, каб сястра пасля магла мяне падтрымаць.
«НН»: Сёння прайшло першае судовае пасяджэнне па Вашай справе. Ці было адчуванне, што рухавік рэпрэсій адкручваецца назад?
СБ: Тры дні да суда я нерваваўся, якое ўказанне атрымае суддзя. Бо разумею, што яна нічога не вырашае. Паставілася яна добра на судзе, у параўнанні з некаторымі іншымі працэсамі.
«НН»: Святаслаў, з якой мэтай выходзілі на Плошчу 19 снежня?
СБ: Каб падтрымаць кандыдатаў. Галасаваў я за Андрэя Саннікава. Яго бачыў лідарам…
«НН»: Не шкадуеце, што выйшлі тады?
СБ: Не шкадую. Лічу, што кожны чалавек не павінен баяцца выказваць сваю пазіцыю.