У Беларусі сёння стартаваў пілотны праект па ўвядзенні электроннай рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання. На пачатковым этапе падаць дакументы праз Інтэрнэт можна для рэгістрацыі ўнітарных прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў, прычым толькі ў беларускай сталіцы.
Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР) Міністэрства юстыцыі Беларусі Галіна Падразёнак.

Галіна Падразёнак адзначыла, што працэс электроннай рэгістрацыі досыць просты. Заяўніку неабходна падрыхтаваць пакет дакументаў, прадугледжаны дэкрэтам № 1, затым зайсці на вэб-партал па электронным адрасе www.egr.gov.by. Непасрэдна паслуга па дзяржаўнай рэгістрацыі магчымая толькі аўтарызаваным карыстачам, для гэтага неабходна набыць у інфармацыйна-выдавецкім цэнтры Міністэрства па падатках і зборах ключ электроннага лічбавага подпісу. «На дадзены момант кошт ключа для юрыдычных асоб складае каля Br272 тыс. без ПДВ, а для фізічных асоб — каля Br163 тыс. без ПДВ», — паведаміла Галіна Падразёнак.

Рэгістрацыя УП або ІП будзе ажыццяўляцца толькі пасля аплаты дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю, падкрэсліла спецыяліст. Пры электроннай дзяржаўнай рэгістрацыі пошліну можна аплаціць праз Адзіную разліковую інфармацыйную прастору (АРІП), у касах банкаў, інфакіёсках. Пасля пацверджання аплаты дзяржаўнай пошліны дакументы накіроўваюцца ў рэгіструючы орган, дзе іх разглядаюць адразу ж пасля атрымання, як калі б грамадзянін прыйшоў туды самастойна. Апавяшчэнне аб ажыццяўленні рэгiстрацыi або аб адмове з указаннем падстаў прыходзіць заяўніку па электроннай пошце з электронным лічбавым подпісам супрацоўніка рэгіструючага органа.

Акрамя таго, на вэб-партале дзейнічае яго адкрытая частка, даступная для ўсіх карыстальнікаў сайта. Яна змяшчае неабходную даведачную інфармацыю, нарматыўна-прававыя акты, якія дзейнічаюць у гэтай сферы, а таксама пералік рэгіструючых органаў, спісы зарэгістраваных і выключаных з АДР суб’ектаў гаспадарання.

Начальнік упраўлення АДР падкрэсліла, што ўвядзенне электроннай рэгістрацыі не азначае, што грамадзяне могуць аформіць сваё прадпрыемства толькі праз Інтэрнэт і ніяк інакш. Калі заяўнік не жадае набываць і карыстацца ключом электроннага лічбавага подпісу, ён можа прыйсці на прыём у рэгіструючы орган і традыцыйным спосабам ажыццявіць рэгістрацыю, гэта значыць падаць дакументы ў папяровым выглядзе. «Выбар ёсць, і гэта самае галоўнае», — лічыць Галіна Падразёнак.

У выпадку паспяховай працы магчымасць электроннай рэгістрацыі атрымаюць усе суб’екты гаспадарання ў рэспубліцы. «Па выніках абкаткі, магчыма, сістэма будзе выкарыстоўвацца на ўсёй тэрыторыі Беларусі і ўсімі суб’ектамі гаспадарання», — сказала спецыяліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?