Выйшла пастанова Савета міністраў «Аб зацвярджэнні палажэння пра парадак прадстаўлення субсідый асобным юрыдычным асобам, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый друкаваных СМІ». Дакумент зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў РБ 26 жніўня.

Паводле дакумента, на фінансавую дапамогу з боку дзяржавы могуць разлічваць СМІ, якія ўваходзяць у зацверджаны Саўмінам (ці мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі) пералік.

Сёлетні «саўмінаўскі» спіс быў зацверджаны 11 чэрвеня 2011 года і ўключаў наступныя СМІ:

«Алеся», «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларусь. Belarus», «Белорусская нива», «Вместе!», «Вожык», «Вясёлка», «Журнал специального назначения», «Звязда», «Здравоохранение», «Знамя юности», «Зорька», «Культура», «Літаратура і мастацтва», «Маладосць» (дадатак «Бярозка»), «Мастацтва», «Народная асвета», «Народная газета», «Нёман», «Полымя», «Родная прырода», «Рэспубліка», «Советская Белоруссия», «Спортивная панорама», «The Minsk times» (дадатак «Голас Радзімы»)).

Паводле пастановы ўраду, рэдакцыям-фігурантам спісу грошы будуць даваць на «частковае пакрыццё выдаткаў на друкарскія паслугі, набыццё паперы, заработную плату і налічэнні на заработную плату, звязаныя з іх вытворчасцю і выпускам».

Акрамя таго, асобным пунктам палажэння прадугледжана субсідаванне рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» — на «поўнае (частковае) пакрыццё выдаткаў на вытворчасць, выпуск і распаўсюд накладу (часткі накладу) газет „The Minsk times“, „Голас Радзiмы“ і часопіса „Беларусь. Belarus“».

Ад рэдакцый патрабуюць «планавых разлікаў патрэбаў у субсідыях» і рэгулярных бухгалтарскіх справаздач. Пры пералічэнні субсідый будуць улічвацца таксама памеры «адмоўнага фінансавага выніку» працы па выпуску СМІ.

«Гэтая пастанова добра „ілюструе“ нядаўнія выказванні міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага пра тое, што ў рынкавых умовах дзяржаўныя СМІ нібыта лёгка перамогуць недзяржаўныя, —
каментуе дакумент намеснік старшыні ГА „БАЖ“, юрыст Андрэй Бастунец. — Насамрэч урад штогод зацвярджае спісы дзяржаўных медыя, якім аказваецца бюджэтная падтрымка, — прычым, на пазаконкурснай аснове, без правядзеня тэндэраў. Летась такіх выданняў было 24, сёлета — 25. Гэтыя грошы выдаткоўваюцца з сумы, прадугледжанай у гадавым бюджэце на падтрымку дзяржаўных СМІ.
На 2011 год гэтая сума складае, між іншым, каля 54 млн еўра
 — праўда, каля 43 мільёнаў з іх прадугледжана на фінансаванне тэлебачання… Што ж да вышэйзгаданай пастановы — яна проста падрабязна распісвае працэдуру атрымання гэтай дапамогі. Але ўсё гэта нагадвае „перагорнутую піраміду“ — спачатку выдзяляюцца сродкі, а потым выданні мусяць абгрунтаваць сваю патрэбу ў іх…»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?