А ўсё‑такі дужа цікава жыць у эпоху крутых палітычных віражоў і непрадказальных паваротаў!

Ну, хто ў жніўні 2005‑га мог падумаць, што праз год украінскім прэм’ерам зноў стане Віктар Януковіч? А хто мінулай зімой мог уявіць, што напярэдадні 2007‑га галоўным ворагам Расеі стане братэрская Беларусь?

Што Газпром будзе шантажаваць бацьку Лукашэнку перакрыцьцём вэнтыля, а крамлёўскія СМІ — выкрываць несумленных беларусаў, якія крадуць расейскую нафту.

Больш за ўсё вайна двух аўтарытарных рэжымаў нагадвала рэмэйк блёк‑бастэра «Чужы супраць Драпежніка»

Навагодняя аповесьць пра тое, як пасварыўся Уладзімер Уладзімеравіч з Аляксандрам Рыгоравічам стала насамрэч знакавай падзеяй.

Пры гэтым асаблівых сымпатый не выклікаў ніводны з бакоў супрацьстаяньня.

Бадай, больш за ўсё вайна двух аўтарытарных рэжымаў нагадвала рэмэйк блёк‑бастэра «Чужы супраць Драпежніка». Роля Драпежніка, натуральна, дасталася сп. Пуціну. Гэты бязьлітасны паляўнічы даўно гайсае па абсягах СНД у пошуках здабычы, ягоным трафэем сталася (як ні шкада!) й аранжавая Ўкраіна.

Гэтым разам яму трапіўся варты вораг.

Ураджэнец далёкай плянэты Савок, які асталяваўся сярод дэмакратычнай Эўропы, ня з тых, хто здаецца бяз бою. У ягоных жылах цячэ кісьля дыктатарскіх амбіцый, а незьлічоныя іклы ды кіпці гатовыя даць адпор любому незычліўцу.

Якія ж вынікі сьмяротнае бойкі двух монстраў? Поле бою як быццам засталося за расейскім Драпежнікам. Але, па‑першае, няма ніякай гарантыі, што сьнежаньска‑студзеньская сутычка Пуціна й Лукашэнкі станецца апошняй. А па‑другое, у часе процістаяньня сур’ёзная шкода была зазнаная абодвума бакамі. Найперш, гэта тычыцца ідэалягічнай сфэры.

У часе процістаяньня сур’ёзная шкода была зазнаная абодвума бакамі. Найперш, гэта тычыцца ідэалягічнай сфэры.

Менавіта на яе варта зьвярнуць пільную ўвагу пры падвядзеньні вынікаў зімовай кампаніі 2006–2007 гадоў.

Аказаліся дыскрэдытаваныя прапагандысцкія штампы, прызначаныя для народнага спажываньня, а таксама ідэі, якімі ў сваёй палітыцы кіраваліся самі лідэры Беларусі й Расеі.

Для пачатку быў пасьпяхова пахаваны рамантычны імідж Расеі, як абаронцы славянскага братэрства, што супрацьстаіць варожаму Захаду.

Хтось можа запярэчыць, што з «братэрскай рамантыкай» пакончыла яшчэ газавая вайна між Расеяй і Ўкраінай.

Дужа памыляецеся! Год таму ўсё было гранічна ясна. Крэмль прэзэнтаваў выразную схему падзелу краінаў‑суседзяў на добрых і дрэнных хлопцаў, у адпаведнасьці з канонамі клясычнага вэстэрну.

Добрыя хлопцы старанна ўціскаюць лібэральную апазыцыю й атрымліваюць узнагароджаньне ў выглядзе таннага газу й нафты.

Дрэнныя хлопцы ладзяць у сябе каляровыя рэвалюцыі, спрабуюць будаваць дэмакратыю пад заакіянскім шэфствам і падумваюць пра сяброўства ў NATO, за што ім бязьлітасна падымаюць цэны на энэрганосьбіты і пагражаюць перакрыць газавы вэнтыль.

Лёгіка даволі простая й даступная кожнаму школьніку. Расея выглядае строгім, але справядлівым старэйшым братам, які накіроўвае аблудныя рэспублікі СНД на правільны шлях.

Сьнежаньскі наступ супраць Беларусі разьнёс гэтую зграбную прапагандысцкую схему ўшчэнт. Расея прадэманстравала выскал сапраўднага Драпежніка, не прыхаваны паказным патэрналізмам.

Атакаваўшы ідэйна беззаганнага бацьку, Крэмль сур’ёзна падарваў сваю рэпутацыю спаміж апалягетаў нябожчыка‑СССР і паставіў у вельмі няёмкае становішча прарасейскія сілы ў краінах СНД.

Маскоўскай пятай калёне і насамрэч не пазайздросьціш. Доўгія гады тэма расейска‑беларускага братэрства была ейным галоўным козырам, ад якога цяпер давядзецца адмовіцца.

Маскоўскай пятай калёне і насамрэч не пазайздросьціш. Доўгія гады тэма расейска‑беларускага братэрства была ейным галоўным козырам, ад якога цяпер давядзецца адмовіцца.

А калі вясной ва Ўкраіне такі аб’явяць датэрміновыя парлямэнцкія выбары, пад якім лёзунгам пойдзе на іх спадарыня Вітрэнка? Газ па 45 даляраў? Альбо, з улікам апошняга абвастрэньня расейска‑беларускага сяброўства, транзыт па 45 даляраў?

Нафтавая контратака Лукашэнкі паказала няслушнасьць яшчэ аднаго крамлёўскага коніка —практыкі спрыяньня маргінальным дыктатарскім рэжымам. На злосьць праклятаму Захаду, Масква ахвотна падтрымлівае краіны‑ізгоі кшталту Ірану ці Паўночнай Карэі.

З пункту гледжаньня прапаганды, гэта выглядае надзвычай выйгрышна: маўляў, мы — моцныя й незалежныя гульцы на міжнароднай арэне! Але рана ці позна сяброўства з маргіналамі выходзіць краіне‑заступніцы бокам.

Так сталася і ў выпадку з Лукашэнкам. Масква ўсяляк ухваляла хутчэйшую маргіналізацыю бацькі, чым спрыяла канчатковаму пераўтварэньню Беларусі ў іншароднае цела пасярод цывілізаванай Эўропы.

Але, як высьветлілася, роля Чужога прыносіць і пэўныя плюсы.

Беларускі лідэр прызвычаіўся жыць у асаджанай фартэцыі і можа кідацца ў любыя авантуры, не рызыкуючы сваёй рэпутацыяй — дзеля адсутнасьці такой. Яму папросту няма чаго страчваць.

Пасварыўшыся з Крамлём, Лукашэнка тут жа ўсчаў сьмелыя маніпуляцыі з трубаправодам. Хай бяз нафты засталіся Славакія, Польшча ды Вугоршчына. Меркаваньне Эўропы не хвалюе ізаляванага бацьку. Ягоная «Эўропа» кампактна зьмяшчаецца на 207 тысячах квадратных кілямэтрах беларускай тэрыторыі.

Менавіта Масква ў выніку нафтавых пературбацыяў атрымала максымальную дозу магчымага нэгатыву.

Іншая справа — Расея, якая прэтэндуе на ролю рэспэктабэльнага партнэра ЭЗ, надзейнага пастаўшчыка энэргарэсурсаў. Менавіта Масква ў выніку нафтавых пературбацыяў атрымала максымальную дозу магчымага нэгатыву. Перабоі з пастаўкамі чорнага золата не на жарт налякалі эўрапейцаў.

Выглядае, гэтым разам непаваротлівая бюракратычная машына Эўразьвязу змагла даць годны адказ, які прыйдзецца відавочна не да смаку Пуціну й кампаніі…

Раны, вынесеныя з нафтагазавай сутычкі Аляксандрам Лукашэнкам, пакуль ня гэтак заўважныя. Але ў пэрспэктыве яны больш сур’ёзныя і цалкам могуць аказацца для беларускага монстра сьмяротнымі.

Экспэртная супольнасьць дружна прадказвае эканоміцы Беларусі цяжкія часы. А менавіта ж эканамічная стабільнасьць дазваляла рэжыму Аляксандра Рыгоравіча захоўваць прывабны імідж у народзе.

Хай Лукашэнка — дыктатар, але затое ў Беларусі высокія пэнсіі й заробкі, нізкая інфляцыя, рост прамысловай вытворчасьці…

Бо не сакрэт, што для постсавецкага абываталя роля сытага раба лічыцца лепшай за паўгалодную свабоду. Пры гэтым апанэнты бацькі зыходна апыналіся ў нявыгадным становішчы.

Бессэнсоўна тлумачыць простай пэнсіянэрцы, што беларускі эканамічны цуд мае штучны характар і трымаецца выключна на танных расейскіх энэрганосьбітах, якія ператвараюцца ў мільярды нафтадаляраў.

Cацыяльным папулізмам можна займацца толькі пры ўмове, што цябе клічуць Уга Чавэс, а запасы дармавое нафты — твае ўласныя.

Але цяпер гэтаму канец. На мяжы 2006–2007 гадоў бацьку недвухсэнсоўна далі зразумець: сацыяльным папулізмам можна займацца толькі пры ўмове, што цябе клічуць Уга Чавэс, а запасы дармавое нафты — твае ўласныя. І, выглядае, вельмі хутка беларускае «праспэрыты» сыдзе на нішто.

Наўрад ці варта злацешыцца з нагоды эканамічных цяжкасьцяў, прыгатаваных простаму беларусу. Але наўзвочная дэманстрацыя прыродных заганаў, уласьцівых эканоміцы саўковага тыпу, —суровая непазьбежнасьць. Будзем спадзявацца, што гэта ня толькі выб’е глебу з‑пад ног беларускага правадыра, але й ахалодзіць запал прафэсійных дэмагогаў і папулістаў на ўсёй тэрыторыі СНД.

А бацька Лукашэнка ў блізкай будучыні рызыкуе ня толькі страціць кантроль над эканомікай, але і ўвогуле пазбыцца рэальных рычагоў улады.

Днямі расейскія СМІ зноў закранулі тэму горка вядомага Саюзу Расеі й Беларусі — маўляў, прыкры нафтагазавы канфлікт можа стаць «не канцом аб’яднаўчага працэсу, а ягоным каталізатарам». Цікавая думка, ці ня праўда?

Між іншым, празарлівыя палітолягі, якія камэнтавалі праблему трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну для спадара Пуціна, ужо даўно зьвярталі ўвагу на адзін з магчымых варыянтаў: фарсіраваць стварэньне Саюзнай дзяржавы (то бок фактычную інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі) і высоўваньне УУП на прэзыдэнта сьвежасьпечанай краіны.

Відавочна, у крамлёўскіх плянах амбітнаму Аляксандру Рыгоравічу прыгатаваная надта незайздросная доля.

Помніцца, менавіта так у свой час зрабіў нябожчык Слабадан Мілошавіч, які быў два тэрміны кіраўніком Сэрбіі й меў намер правесьці яшчэ два тэрміны ў якасьці прэзыдэнта Югаславіі.

Пакуль цяжка казаць, ці насамрэч Пуцін сабраўся пайсьці па сьлядах гааскага мучаніка. Але ў тым, што Масква грунтоўна ўзялася за Беларусь, сумневаў няма аніякіх. І, відавочна, у крамлёўскіх плянах амбітнаму Аляксандру Рыгоравічу прыгатаваная надта незайздросная доля.

У цэлым, фірмовая дыпляматычная стратэгія бацькі зазнала фіяска. Беларускі лідэр разьлічваў, што ў ролі адданага хаўрусьніка Масквы, ідучы ў фарватэры расейскай палітыкі, можна будзе захоўваць усю паўнату ўлады у сваёй уласнай рэспубліцы.

У 90‑я гады гэтая ідэя працавала, але цяпер іншыя часы. Цяперака Маскве патрэбныя не партнэры — хай і малодшыя і, безумоўна, ляяльныя, — а васалы. Ёй недастаткова ветлівых паклонаў.

Перад ёй трэба стаць на калені. Дарэчы, пра гэта ня лішне было б задумацца ўкраінскаму прэм’еру Януковічу і ягоным прарасейскім калегам па партыі — яны ж таксама вельмі неабыякавыя да ўлады…

Маскве недастаткова ветлівых паклонаў. Перад ёй трэба стаць на калені.

Пры канцы агляду стратаў, якія зазналі расейскі Драпежнік і беларускі Чужы за апошнія тыдні, варта адзначыць яшчэ што‑нішто. У часе супрацьстаяньня двух бакоў звычайна зьяўляецца Tertius Gaudens — трэці ўзрадаваны.

Здавалася б, ва ўмовах, калі трашчыць па швах ідэалягічная база двух аўтарытарных рэжымаў, выйграць павінныя лібэральна‑дэмакратычныя сілы, якія насяляюць абсягі СНД.

Але, выглядае, акурат на гэта разьлічваць і не выпадае. Спадары дэмакраты ўмеюць віртуозна падстаўляцца пад удар у часе ўласных міжусобных войнаў, аднак так і не наўчыліся здабываць карысьць з чужых звадаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?