З набліжэньнем вясны абуджаюцца ня толькі патагенныя вірусы. У галовах беларускага чынавенства абуджаецца сьверб вандалізму. У новых плянах на новы год — руйнаваньне здабыткаў дойлідзтва. Помнікаў і ня помнікаў. Таго, што хоць неяк нагадвае пра Беларусь да прэзыдэнцкага пэрыяду. Гэтак, у старажытным Пінску сабраліся зруйнаваць яшчэ ацалелыя там помнікі даўніны. На чарзе да небыцьця аказаліся старасьвецкія камяніцы па вуліцы Равецкай.

Траса гэтае вуліцы ўтвораная на месцы колішняга Каралінскага рава, што аддзяляў уласна Пінск ад мястэчка Каралін і прадмесьця Лешч. Яе пачалі актыўна забудоўваць у 30-я гады ХІХ ст. Ад тых часоў вуліца была шчыльна забудаваная мяшчанскімі камяніцамі, некаторыя зь якіх выпадкова ацалелі ад часоў савецкага панаваньня. Напрыклад, тут пакуль яшчэ стаіць былая жыдоўская бажніца ХІХ ст., старажытныя дамы №6 і №8, што некалі належалі роду Сяміжоўскіх, у сутарэньнях якіх былі кавальскія майстэрні. Цяпер, згодна зь перадвыбарчымі абяцанкамі галоўнага архітэктара гораду Вольгі Барысенкі, іх плянуюць зьнішчыць, каб зрабіць… аўтастаянку на тузін машынаў.

Старшыня габрэйскае супольнасьці Пінску Ёсіф Лібэрман паведаміў у бюлетэні «Прыбужжа» (№ 8), што Вольга Барысенка абяцала выбаршчыкам паркоўку асабістых аўтамабіляў блізу іх панэльных дамоў. Сёлета гэтая чыноўніца мусіць выходзіць на пэнсію. Але яна мае цьвёрды намер яшчэ папрацаваць, бо вылучылася ў дэпутаты Берасьцейскага аблсавету. Цяпер яе абралі.

Засталося толькі разбурыць колькі старасьвецкіх камяніцаў. А там…

Абураная гэбрайская грамада, абураныя рупліўцы старасьвеччыны, пінскія інтэлігенты й старажылы. Але справа, выглядае, вырашана. Лішне казаць, што звароты ў Міністэрства «культуры» марныя. Дэпутатка-архітэктарка мусіць трымаць слова!

Тамсама, у Пінску, зьбіраюцца зьнішчыць яшчэ адзін унікальны помнік нашае гісторыі — старасьвецкі вакзал, што быў адкрыты за царскіх часоў, 30 сьнежня 1884 году. Па вайне моцна пашкоджаны, старадаўні будынак быў радыкальна разбудаваны, але ў народзе па-ранейшаму зваўся «царскім». Мо й праз свой манумэнтальны палацавы выгляд. Цяпер ягонай рэканструкцыяй занялося мэліяратыўнае (!) акцыянэрнае таварыства «Пінсксаўгасбуд» (!?). Начальнік станцыі (!) «Пінск», Хведар Клімовіч канстатуе, што старадаўні імпазантны будынак стаў лядашчым, а таму яго трэба зьнішчыць дашчэнту й пабудаваць цалкам новы, паводле сучаснага тыпавога праекту. Паколькі начальнік станцыі Клімовіч безапэляцыйна сьцьвярджае, што Новы 2008 год «калектыў сустрэне ў будынку новага вакзалу», сумнявацца не даводзіцца. А Пінск пазбавіцца аднаго з найпрыгажэйшых сваіх помнікаў дойлідства, што мусіў бы сёлета адзначыць сваё 123-годзьдзе!

Цяжка сабе ўявіць, колькі тут перабывала ўсялякага народу. Сьветлая памяць…

Бадай, гэта адзінае, што нам застанецца пасьля эпохі герастратаў пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Фота Міколы Хмялярскага, pinskhistory.by.ru.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?