Чатыры гады. Столькі Павел Севярынец пабыў на волі з моманту вызвалення з мінулай «хіміі». За гэты час ягонымі намаганнямі паўстала Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Зарэгістраваць партыю не ўдалося, але кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах вылучылі. За ўдзел у паслявыбарчых пратэстах Севярынец атрымаў тры гады «абмежавання волі». Адзіны, каму ў пакаранне абралі менавіта «хімію». Ужо другі раз палітыка выпрабоўваюць такім чынам. Рэпартаж з Купліна.

Працоўны дзень пачынаецца а 8-ай гадзіне.

Працоўны дзень пачынаецца а 8-ай гадзіне.

Перапынак на абед - адна гадзіна.

Перапынак на абед - адна гадзіна.

Севярынец на працоўным месцы, у ягоныя абавязкі ўваходзіць улік і выдача запчастак.

Севярынец на працоўным месцы, у ягоныя абавязкі ўваходзіць улік і выдача запчастак.

У зняволенні Севярынец застаецца аптымістам, ён шмат жартуе і смяецца.

У зняволенні Севярынец застаецца аптымістам, ён шмат жартуе і смяецца.

Кавальня з беларускамоўнай шыльдай стаіць на ўездзе ў Куплін.

Кавальня з беларускамоўнай шыльдай стаіць на ўездзе ў Куплін.

Працоўны дзень сканчаецца а 17-й.

Працоўны дзень сканчаецца а 17-й.

Севярынец: «Палову шляху да свабоды мы ўжо прайшлі».

Севярынец: «Палову шляху да свабоды мы ўжо прайшлі».

Былая афіцэрская казарма стала камендатурай для «хімікаў».

Былая афіцэрская казарма стала камендатурай для «хімікаў».

Ад расійскай мяжы да польскай

Спачатку Паўлу абяцалі, што сядзець ён будзе на малой радзіме, на Віцебшчыне. Як было ў 2005 годзе, калі яго накіравалі ў глухую вёсачку Малое Сітна на мяжы з Расіяй, дзе нават не брала мабільная сувязь. Там Севярынец працаваў у лесе.

Цяпер месца высылкі знаходзіцца ля мяжы польскай — вёска Куплін (Пружаншчына). Гэта за 3 км ад райцэнтра, як ехаць на Ружаны. Можна і пешкі.

На ўездзе ў былы вайсковы гарадок стаіць кавальская майстэрня. Шыльда аформлена на беларускай мове. Валодае ёй Алесь Янушкевіч. Севярынец смяецца: «Пакуль беспартыйны». У загарадзі пасвіцца атара авечак. Рэдкая з’ява для цяперашняй Беларусі. Жыццё ў вёсачцы ёсць.

Каля бюста правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі трэба завярнуць налева. За плотам пачынаецца фермерская гас-падарка «Бардо».

«Бардо» ў вайсковай часці

Калі Севярынца накіроўвалі на Пружаншчыну, то многія ўздыхнулі з палёгкай — гэта ўсё ж Заходняя Беларусь. На справе ж Севярынец апынуўся на востраве Савецкага Саюза. Праўда, савецкім толькі архітэктурна.
Ён працуе на тэрыторыі былой вайсковай часці. «Тут і цяпер усё засакрэчанае, нават надоі кароваў», — смяецца Павел. Ад вайскоўцаў засталіся і многія памяшканні, дзе цяпер месціцца мехдвор.

Усе дзверы акуратна пафарбаваныя ў сіні колер. За адной з такіх і працуе Севярынец кладаўшчыком. Гэта склад. У працу палітвязня ўваходзіць выдача розных запчастак. У Паўла ўсё строга. Поўны ўлік кожнаму выдадзенаму шурупу.

Гаспадарка «Бардо» спецыялізуецца на вырошчванні гародніны. Але ёсць і дадатак з продажам запчастак, функцыі колішняй «Сельгастэхнікі».
«Да працы пачаў рыхтавацца яшчэ ў «амерыканцы», калі сядзеў разам з галоўным інжынерам МТЗ. Там і пачаў усё даведвацца пра шасцяронкі», — іранізуе Севярынец.

Трэці талковы «хімік»

На тэрыторыі гаспадаркі доўга незаўважанымі хадзіць не ўдаецца. «Хто такія? Адкуль?» Кажам, што журналісты з Мінска, з інспекцыяй, жартуем. «А вы тут начальнік?» — пытаюся. «Я гаспадар», — адказвае сівагаловы мужчына. Гэта Анатоль Тарасевіч, уладальнік «Бардо».

Праз імгненне ягоная неза-даволенасць змяняецца на прыязнасць. «Я ж не супраць, здымайце, толькі трэ было ў мяне запытацца». Рукі ў Тарасевіча ўсе ў татуіроўках, напамін пра турэмнае мінулае.

Фермер хваліць Севярынца. «Праз мяне прайшло трыста «хімікаў». Паша з іх толькі трэці талковы».
Апроч Севярынца, у гаспадарцы працуе цяпер яшчэ шасцёра «хімікаў». Праўда, яны ў полі, а не пры двары. Большасць рабочых ездзіць з Пружанаў, возяць іх на працу адмысловым аўтобусам. Людзей вабяць у фермера вялікія заробкі.

Два начальнікі

Слова за слова, і Севярынец нагадвае, што сёння 25 жніўня — 20 гадоў з моманту надання Дэкларацыі аб суверэнітэце дзяржаўнага статуса. «Незалежныя мы, але мовы сваёй не ведаем», — ці падыгрывае Севярынцу, ці сапраўды шчыра кажа Тарасевіч. Ён шчоўкае запальнічкай, прыкурвае тонкія цыгарэты Vogue Slim у фіялетавым пачку. На шыі ў яго залаты ланцужок.
Побач у машыну грузяць бульбу і капусту, што пойдуць на продаж у Мінск.
Гародніна з гаспадаркі «Бардо» прадаецца ў гіпермаркетах «Бігз», «Гіпа» і крамах «Кірылюк-маркет».
Тарасевіч кажа, што ў сувязі з крызісам працаваць цяжка. «Аддаём за капейкі, што прадаваць, што цялятам скарміць — няма розніцы. Прадаём толькі, каб сувязі не згубіць», — кажа Тарасевіч. Сапраўды, перад загонамі з цялятамі стаяць скрыні з капустай. Гаспадарка церпіць страты ад таго, што ў Расіі сёлета добры ўраджай гародніны, і туды цяжка экспартаваць.

Фатаграфавацца Анатоль Уладзіміравіч рашуча адмаўляецца. «Я ж чалавек непублічны, нават ніколі не ўдзельнічаю ў конкурсах кшталту «Фермер года». І расказвае, што ён увогуле не ўласнік, а ўпраўляючы. Уласніцай жа лічыцца ягоная жонка.

У Севярынца а 17-й вечара сканчаецца працоўны дзень.

У гэты момант на мехдвор на дабітай бэзавай «сямёрцы» падлятае начальнік Паўлавай камендатуры Юрый Бакаеў.
«Ну, Юрый Мікалаевіч, я пайду?» — пытаецца яго Севярынец. «Давай, вапросаў няма», — адказвае начальнік.

Севярынец кажа, што начальнік камендатуры прыехаў да яго на працу ўпершыню. Магчыма, пра наша з’яўленне ў «Бардо» пайшоў сігнал. У такім выпадку трэба адзначыць, што начальнік з'явіўся за 15 хвілін.

У афіцэрскай казарме

Шлях з працы да камендатуры кароткі — усяго дзесяць хвілін лясной сцежкай. «Лес мне тут падабаецца: светлы, тут і бяроза, і дуб, і ясень, не цёмны, як на Віцебшчыне, дзе елка ды хмызы», — кажа Павел.
Па дарозе нікуды збочваць яму нельга дый няма куды. Трэба адразу ісці ў камендатуру, дзе запісацца аб прыбыцці. Камендатура ўяўляе сабой двухпавярховы цагляны будынак з кратамі на вокнах. Павел мяркуе, што раней тут была афіцэрская казарма.

Севярынца адпускаюць пара-змаўляць з намі ў альтанку. Дзве такія стаяць перад камендатурай. За альтанкамі вядзецца відэаназіранне. Адну выкарыстоўваюць для наведвальнікаў, у іншай паркуюць ровары. Тут іх нямала. Большасць «хімікаў» працуюць у Пружанах. У Севярынца свой ровар таксама маецца — падарылі сябры па БХД.

Яшчэ побач з камендатурай ёсць турнікі. Можна падцягвацца, цягаць гіры. Праз дарогу пляцоўка для гульні ў валейбол. Праўда, Павел пакуль не бачыў тых, хто б ёй карыстаўся. У памяшканні можна пагуляць у настольны тэніс.

Ноўтбук нельга, мабільнік — можна

Пакуль ад адсутнасці ўвагі Севярынец не пакутуе. За два тыдні ў яго пабывала дэлегацый дзесяць. Прыязджаюць хадэкі з Кобрына, з Мінска, ды і мясцовыя падцягваюцца. Прадуктаў з агарода навёз селянін Анатоль Сахаруша з вёскі Малеч, прывозіў мёд пчаляр Мікола Папека з Лінава. Севярынец кажа, што яшчэ ні разу нічога не купляў у аўталаўцы, якая двойчы на тыдзень прыязджае да «хімікаў» — усё прывозяць людзі.
Скардзіцца хіба што на мясцовую ваду. «Кепская вада, жалезістая. Буду цяпер з жалезам у крыві», — кажа Павел. Трымаць у камендатуры ноўтбук не дазваляюць, затое можна мабільны тэлефон. Хаця б нешта.

Перад тым як пачаць гутарку, міліцыянты просяць прайсці з імі ў будынак ды напісаць заяву на імя начальніка, каб дазволіў фотаздымкі, а таксама выкарыстанне дыктафона.

Міліцыянты ветлівыя, паказваюць Крымінальны кодэкс — маўляў, гэта не іхняя прыхамаць, а норма заканадаўства.
Уваход у камендатуру адкрываюць вялізныя кратаваныя дзверы.

Ва ўсім іншым памяшканне нагадвае студэнцкі інтэрнат. Толькі вось час ад часу гучыць пранізлівы гук званка. «Калі адзін раз, то выклікаюць да сябе дзяжурнага першага паверха, калі два — то другога».

Чатыры гадзіны на лазню і царкву

У адным пакоі з Севярынцам жывуць яшчэ два хлопцы. Адзін з іх сядзіць за бойкі. За што другі — Павел не ведае. Хлопец галасаваў на выбарах за Саннікава, слухае NRM. Увогуле, як высветліў Севярынец, многія мясцовыя на апошніх выбарах аддалі голас менавіта за Саннікава.

Праблема «максімкі» ў Купліне стаіць не так востра, як у Малым Сітне, але тут ад яе таксама нікуды не дзенешся. Пакуль сядзелі ў альтанцы, бачылі аднаго чалавека, які ледзь трымаўся на нагах.

Чатыры гадзіны на тыдзень Павел мае вольны час. Яго скарыстоўвае для наведвання лазні і царквы ў Пружанах.
На самой «хіміі» бойлер зламаны. «Буду дабівацца, каб адрамантавалі», — кажа ён. «Палітычныя» ведаюць свае правы.

З мянушкай Пісьменнік

Севярынец стаў прыхаджанінам Спаса-Праабражэнскага сабора Пружан. «Аказалася, што з айцом Сергіем я перамаўляўся «Вконтакте» яшчэ да таго, як трапіў у Пружаны», — расказвае Севярынец. Увогуле,

Павел у захапленні ад мясцовага грамадства: доўга пералічвае нам сустрэтых інтэлігентаў, прадпрымальнікаў, фермераў. Ён радуецца, што паўсюль сустракае вальнадумцаў, прычым гэта людзі, якія моцна стаяць на нагах. Раней лідарам апазіцыі ў Пружанах быў Уладзімір Радзівончык з АГП. Калі яго звольнілі з працы, ён вымушаны быў шукаць працу за мяжой. Цяпер у горадзе ёсць суполкі Моладзі БНФ і Хрысціянскай Дэмакратыі.

Вечарамі Павел піша новы раман. «Сам для сябе вызначыў, што гэты час нельга губляць, трэба працаваць». У яго нават мянушка ў камендатуры адпаведная — Пісьменнік.

Праз нейкі час да альтанкі падыходзіць маёр Валерый Лепін. Пытаецца, ці не замінае. Міліцыянту хочацца паразмаўляць. Кажа, што ў свой час хацеў стаць гісторыкам, але выбраў урэшце міліцэйскую акадэмію: «Гэта ў мяне сямейнае».

«Праца як праца, можа, не самая лепшая, але дае пэўныя гарантыі», — кажа міліцыянт. Лепін збіваецца на тэмы маральнага стану грамадства. Міліцыянт уражвае сваёй эрудыцыяй, але найперш — складанасцю мыслення. «Моладзь не хоча працаваць, адвучаная. Затое хоча жыць прыгожа, калі бачыць па тэлевізары, дзесьці яшчэ прыклады раскошы. П’юць піва, здзяйсняюць злачынствы», — ставячы дыягназ, тым не менш, Лепін не адважваецца задацца пытаннем аб прычынах такога стану.

Севярынец расказвае, што ў Купліне вялікі голад на гістарычную літаратуру.

Хрысціянскага і беларускага болей

«У Малым Сітне людзі былі поўныя безнадзейнасці, пустата ў вачах, млявыя. Тут усё ж не так, тут многія людзі, нават асуджаныя, не згубілі цікавасць да жыцця, ім нешта трэба.
Хрысціянскага і беларускага ў Купліне непараўнальна болей».

«Шчаслівы, што Госпад даў магчымасць пажыць на Берасцейшчыне. З Лунінеччыны мая мама», — і Павел доўгія хвіліны пералічвае імёны славутых ураджэнцаў гэтых мясцін: дырыжор Шырма, трэнер Карполь, спевакі Забэйда-Суміцкі і Макарэвіч. Урэшце — ізноў смяецца — правакатар Азэф і банкір Пракаповіч.

Севярынец не толькі ўвесь час жартуе, але і цудоўна выглядае.

Павел нечым нагадвае ідэальнага амерыканскага палітыка: белазубая ўсмешка, ні грама лішняй вагі. І бясконцы аптымізм: «20 гадоў як Беларусь незалежная. Гэта значыць, з сарака гадоў у пустыні дваццаць мы ўжо адблукалі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?