Адвакат Алеся Бяляцкага перадаў ва ўпраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці 816 хадайніцтваў аб змяненні меры стрымання свайму падабароннаму,
паведаміў праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

Паводле яго слоў, гэта першая падача хадайніцтваў, сабраных цэнтралізавана. «Акрамя гэтага, як нам вядома, каля ста хадайніцтваў за вызваленне Бяляцкага былі пададзеныя грамадзянамі індывідуальна», — сказаў Лабковіч.

Ён адзначыў, што сярод пададзеных сёння хадайніцтваў вельмі шмат ад вядомых і аўтарытэтных людзей. «Гэта хадайніцтвы, падпісаныя чэшскімі дысідэнтамі, рэдактарамі недзяржаўных газет Беларусі, лідарамі вядомых грамадскіх аб’яднанняў — такіх як «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і «Беларускі Хельсінскі камітэт», «Рух „За Свабоду“, лідарамі палітычных партый, грамадскіх актывістаў. Можна сказаць, што хадайніцтвы за вызваленне Бяляцкага падпісалі амаль усе вядомыя ў Беларусі людзі», — заявіў Лабковіч.

Паводле яго слоў, калегі Бяляцкага рэгулярна атрымліваюць ад яго лісты са следчага ізалятара № 1 у Мінску. «Бяляцкі трымаецца бадзёра, ён моцны і фізічна, і маральна», — адзначыў Лабковіч.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Мінску вечарам 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненні да затрыманага абралі меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. 12 жніўня праваабаронцу прад’явілі абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры) і прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Вызвалення праваабаронцы запатрабавалі кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і іншых дзяржаў, праваабарончыя структуры, вядомыя грамадскія дзеячы і палітыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?