«Газпром» не супраць, але «толькі пасля зліцця кампаній».

Украіна можа ліквідаваць «Нафтагаз» і стварыць самастойныя прадпрыемствы па здабычы і транспарціроўцы газу, паведамляе Бі-Бі-Сі. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Украіны Мікалай Азараў. Па яго словах, гэта прывядзе да перагляду газавых дамоваў з Расіяй. Раней Азараў прапаноўваў расійскаму боку перагледзець кантракты, падпісаныя ў 2009 годзе прэм’ерамі Украіны і Расіі Юліяй Цімашэнка і Уладзімірам Пуціным. Ён адхіліў таксама прапанову Масквы пастаўляць Украіне газ па ніжэйшай цане ў абмен на далучэнне Украіны да Мытнага саюза. Бо гэта прымусіць яго краіну перагледзець падпісаныя раней пагадненні з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй.

Старшыня расійскага «Газпрома» Аляксей Мілер заявіў, што рэструктурызацыя «Нафтагаза» і перагляд дамоваў магчымы толькі пасля зліцця кампаній.

«Украіна паводзіць сябе як Ленін, які ў 1917-м ліквідаваў часовы ўрад і адмовіўся плаціць царскія пазыкі»,
абураюцца расійскія эксперты ў інтэрв’ю Газета.ru.

Тым часам, на беларуска-расійскім газавым фронце назіраецца часовае перамір’е з элементамі братання. «Перамовы “Газпрома” з Беларуссю па новым газавым кантракце ідуць у канструктыўным ключы», — паведамляе прэс-служба расійскага газавага канцэрна. Раней расійская газета «Коммерсант», якая належыць «Газпрому», пісала, што перамовы пра газ з Беларуссю будуць весціся на ўмовах беларускага боку, каб націснуць на Украіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?