Алесь Бяляцкі акумуляваў грошы на дапамогу рэпрэсаваным, зніклым і іх сем'ям. Легальна займацца такой дзейнасцю ў Беларусі было немагчыма.

Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», затрымалі 4 жніўня ў 17 гадзін у раёне плошчы Перамогі ў Мінску.

У той жа вечар у яго кватэры, на лецішчы і ў офісе цэнтра «Вясна» прайшлі вобыскі, пасля чаго затрыманага даставілі на допыт у дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Пасля допыту Бяляцкі быў узяты пад варту.

12 жніўня праваабаронцу прад’явілі абвінавачанне паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для распачынання крымінальнай справы стала інфармацыя аб рахунках Бяляцкага ў літоўскім і польскім банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў межах дагавора аб прававой дапамозе з Беларуссю.

У Вільні і Варшаве заявілі, што Мінск злоўжыў механізмам міжнароднай прававой дапамогі для расправы з непажаданым праваабаронцам. Літва і Польшча парапрасілі выбачэння ў Бяляцкага і яго родных, а таксама прыпынілі дзеянне пагадненняў аб прававой дапамозе з Беларуссю. Некалькі чыноўнікаў літоўскага Мінюста і польскай Генпракуратуры пазбавіліся сваіх пасад.

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн выступіла з заявай, у якой растлумачыла: сродкі, што пералічваліся міжнароднымі арганізацыямі на рахункі Бяляцкага, не выкарыстоўваліся ім у асабістых мэтах, а ішлі на фінансаванне дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна».

У Беларусі гэта арганізацыя вымушана дзейнічаць нелегальна ў сувязі з «рэпрэсіўным заканадаўствам, мэтай якога з’яўляецца пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці»,
падкрэслівала Белхасэн. У самой «Вясне» канкрэтызуюць: замежныя грошы ішлі на аказанне дапамогі рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі і іх сем’ям.
Алесь Бяляцкі утрымоўваецца ў следчым ізалятары № 1 МУС Беларусі па вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Родныя і калегі праваабаронцы рэгулярна атрымліваюць ад яго лісты і расказваюць, што ён трымаецца добра — і фізічна, і маральна.

У дэпартамент фінансавых расследаванняў МУС пададзена ўжо больш за 800 хадайніцтваў аб змяненні меры стрымання Бяляцкаму з асабістымі паручыцельствамі ў выпадку яго выхаду з СІЗА. І гэта толькі тыя хадайніцтвы, што пададзены цэнтралізавана.

Створаны інтэрнэт-сайт у падтрымку праваабаронцы — save-spring96.org. Тут знаходзіцца інфармацыя аб крымінальным пераследзе Бяляцкага, яго біяграфія, звесткі аб праваабарончай дзейнасці цэнтра «Вясна».

5 верасня ў шэрагу краін, у тым ліку ў Арменіі, Кыргызстане, Расіі, Украіне, плануюцца акцыі ў падтрымку беларускага праваабаронцы, прымеркаваныя да месяца з моманту яго затрымання.

Вызвалення Бяляцкага запатрабавалі ад афіцыйнага Мінска аўтарытэтныя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і многіх іншых краін свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?