Праз тры гады кантрактнікаў будзе палова. Пра гэта на брыфінгу 15 студзеня паведаміў начальнік галоўнага арганізацыйна‑мабілізацыйнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных Сілаў генерал‑маёр Ігар Глод

6 тысячаў «ухілістаў» на 10 тысячаў прызыўнікоў

15 студзеня пачалася адпраўка маладога папаўненьня ва Ўзброеныя Сілы. Гэтай зімой у войска накіруюцца каля 10 тысячаў прызыўнікоў. Завершыцца адпраўка 30 студзеня, а ўжо 11 лютага ва ўсіх злучэньнях і вайсковых часьцях Узброеных Сілаў навабранцы прымуць вайсковую прысягу.

У Мінабароны адзначаюць, што на сёньня беларускае войска ня мае недахопу прызыўнікоў. У той жа час у лютым ваенкаматы рыхтуюцца накіраваць у органы ўнутраных справаў і пракратуру матэрыялы амаль на 6 тысячаў «ухілістаў». Значную колькасьць гэтых маладзёнаў складаюць грамадзяне, што выехалі на вучобу за мяжу і ня сталі на ўлік у консульскіх установах. У Міністэрстве абароны паведамляюць, што ў гэтай катэгорыі грамадзянаў яшчэ ёсьць час выправіць сытуацыю, зьвярнуўшыся ў ваенкаматы і стаўшы на ўлік у консульствах Беларусі за мяжой.

У часе мінулага прызыву крымінальныя справы былі заведзеныя супраць 8 тысячаў «ухілістаў», зь іх толькі 206 чалавек былі прыцягнутыя да адказнасьці.

Кожны чацьвёрты вайсковец – кантрактнік

У 2010 г. кантрактнікаў будзе 50 адсоткаў

Беларускае войска паступова кіруецца ў бок прафэсійнага. На сёньня 42 вайсковыя часткі цалкам укамплектаваныя вайскоўцамі кантрактнай службы. Да 2010 году Міністэрства абароны плянуе ўкамплектаваць кантрактнікамі кожную вайсковую частку. Цяпер беларускае войска на чвэрць складаецца з кантрактнікаў, у 2010 годзе іх колькасьць павінна скласьці 50%. На кантракт плянуецца перавесьці кіроўцаў аўто і кухараў. Адначасова Мінабароны не плянуе цалкам адмаўляцца ад прызыву на тэрміновую службу. Лічыцца, што для падтрыманьня абараназдольнасці дзяржавы па‑ранейшаму неабходныя вайскова‑ўліковыя спэцыяльнасьці, якія сярод іншага забясьпечваюць пасады ў складзе экіпажаў танкаў, бронетранспарцёраў, разлікаў радыёстанцый ды інш.

Пасьпяховыя экспэрымэнты з рэзэрвістамі

У мінулым годзе Міністэрства абароны правяло экспэрымэнт у вайсковых гарнізонах Лепелю ды Асіповічаў. Рэзэрвістаў тым разам прызвалі ў артылерыйскія часьці цэлымі падразьдзяленьнямі. Экспэрымэнт палічылі ўдалым. Таму ў 2007 годзе вайсковыя часткі Гарадзенскага, Заслонаўскага ды Полацкага гарнізонаў укамплектуюць цэлымі падразьдзяленьнямі, для чаго прызавуць паўтысячы рэзэрвістаў.

Новы закон пашырае колькасьць нагодаў для адтэрміноўкі

Плянуецца таксама прадастаўляць адтэрміноўку выпускнікам ПТВ

У хуткім часе павінны быць унесеныя папраўкі ў закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Паводле новага законапраекту прызыўніку дастаткова будзе прадаставіць прызыўной камісіі даведку аб цяжарнасьці жонкі, каб атрымаць адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу на 3 гады. На сёньня такая адтэрміноўка даецца толькі ў выпадку нараджэньня дзіцяці да моманту прызыву. Законапраект прадугледжвае таксама адтэрміноўкі для асьпірантаў і дактарантаў усіх формаў навучаньня. Плянуецца таксама прадастаўляць адтэрміноўку выпускнікам ПТВ і сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў з тым, каб даць ім магчымасць паступіць у ВНУ.

Акрамя таго, паўтысячы жыхароў раёнаў, пацярпелых ў выніку аварыі на ЧАЭС, трапілі ў гэтым годзе пад дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу аб адтэрміноўцы. Гэта сельскія настаўнікі і супрацоўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Разглядаецца пытаньні і аб скарачэньні працягласьці тэрміновай службы. Адзін з варыянтаў законапраекту прадугледжвае працягласьць тэрміновай вайсковай службы 1 год для прызыўнікоў без вышэйшай адукацыяй, 9 месяцаў для асобаў з вышэйшай адукацыяй і паўгады для выпускнікоў вайсковых катэдраў.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?