Актывіст незарэгістраванага «Маладога фронту» Артур Фінькевіч, які адбывае «хімію» ў Магілёве за палітычныя графіці, адчувае сталы ціск з боку кіраўніцтва папраўчай установы. Ён атрымаў дзьве запар вымовы за спазьненьне ў інтэрнат. Са словаў палітвязьня, начальнік папраўчай установы падпалкоўнік міліцыі Аляксандар Ламаза і ягоны намесьнік маёр Сяргей Кузькоў пагражаюць яму вынесьці яшчэ некалькі вымоваў і адправіць у калёнію.
Ціснуць на Артура пачалі напярэдадні Новага году: праводзіліся ператрусы памяшканьня, калі хлопца не было. Да ўсяго Артур амаль ня мае вольнага часу па‑за інтэрнатам — на працу адпускаюць за 15 хвілінаў да пачатку працы, і праз 15 хвілінаў пасьля яе заканчэньня ён мусіць вяртацца ў інтэрнат.
Нагадаем, што Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за графіці палітычнага зьместу. Ад 29 чэрвеня адбывае пакараньне ў папраўчай установе Магілёва.
На волю мае выйсьці 9 сьнежня 2007 г.