Беларускія спецыялісты не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях у Лівіі. Пра гэта заявіў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных, каментуючы інфармацыю, якая з’явілася ў СМІ, аб тым, што на баку Муамара Кадафі нібыта ваявалі беларускія снайперы.

«Мы ўпэўнены, што ў дачыненні да Беларусі дапушчана памылка. Гэта не можа быць праўдай. Нам абсалютна дакладна вядома, што беларускіх грамадзян са зброяй у руках у Лівіі не было», — падкрэсліў Савіных.

6 верасня некаторыя СМІ распаўсюдзілі заяву аднаго з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнага пераходнага савета Лівіі Абдэля Маджыда Ібрагіма аб тым, што ў баявых дзеяннях на баку Кадафі ўдзельнічалі грамадзяне іншых краін, у тым ліку беларусы. «Мы былі праінфармаваны з некаторых крыніц разведкі, што група снайпераў розных еўрапейскіх нацыянальнасцяў, у тым ліку ўкраінцы, беларусы і іншыя, былі прыведзены лівійскім рэжымам. Паводле атрыманай намі інфармацыі, група ўвайшла ў Лівію праз порт Нуфейда ў Тунісе, перш чым была перакінута ў Трыпалі», — паведаміў ён.

Звесткі пра ўдзел беларускіх спецыялістаў у ваенных дзеяннях і аб пастаўках беларускай зброі ў зоны ваенных канфліктаў, у тым ліку ў Лівію, з’яўляліся ў СМІ неаднаразова, і штораз афіцыйны Мінск абвяргаў такую інфармацыю.

Напрыклад, 2 верасня тэлеканал «Аль Джазіра» апублікаваў здымкі, зробленыя ў разбураным будынку лівійскай разведкі ў Трыпалі. На адным са здымкаў сярод папак з дакументамі бачны каталог прадукцыі беларускай кампаніі пад назвай «Мадэрнізаваны ЗПРК «Тунгуска-7», які ляжаў на падлозе. На падставе гэтага ў СМІ выказваліся меркаванні аб магчымым выкарыстанні беларускай зброі ў ваенных дзеяннях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?