Экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса паведаміў, што адмаўляецца прыняць ад прэзідэнта Літвы адну з самых ганаровых узнагародаў - Вялікі крыж Ордэна Вітаўта Вялікага, такім чынам выказваючы свой пратэст супраць становішча палякаў у Літве.

«У мэтах умацавання супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, я хацеў бы прыняць гэтую ўзнагароду.
Але я глыбока занепакоены цяперашняй сітуацыяй наконт правоў маіх суайчыннікаў у сферы сваёй мовы, захавання традыцый і павагі да польскай культуры», - гаворыцца ў лісце, адрасаваным пасольству Літвы.

Валенса падзякаваў Грыбаўскайце за тое, што Літва прызнала яго ўклад у развіццё двухбаковых адносінаў,

але сказаў, што ён упэўнены, што правы польскай меншасці павінны ўмацоўвацца, а не абмяжоўвацца.

Грыбаўскайце ўзнагародзіла Валенсу 10 чэрвеня.

Міністэрства замежных спраў, якое вясной прапанавала ўзнагародзіць Валенсу, падкрэсліла, што так ацэньваюцца заслугі Валенсы ў фарміраванні двухбаковых адносін і падтрымка незалежнасці Літвы. Тады міністэрства сцвярджала, што лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лех Валенса стаў сімвалам вызвалення Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

«Пачаты ім працэс супраціву таталітарнай сістэме дапамог краінам Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку - і Літве, аднавіць незалежнасць і свабоду», - сцвярджаецца ў дакуменце.

Валенса ў 1994 г. разам з прэзідэнтам Літвы Альгірдасам Бразаўскасам падпісаў дамову аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве.

Вялікі крыж ордэна Вітаўта Вялікага - трэцяя па значэнні вышэйшая ўзнагарода літоўскай дзяржавы. Ёй узнагароджваюцца кіраўнікі і грамадзяне Літвы і замежных краін за асаблівыя заслугі перад Літвой.

У апошні час адносіны паміж Літвой і Польшчай азмрочаныя рознагалоссямі пры ацэнцы становішча нацыянальных меншасцяў.
Польшча крытыкуе палажэнні новага Закона аб адукацыі, згодна з якім у школах нацменшасцяў ўзмацняецца вывучэнне літоўскай мовы, хоць літоўцы, якія пражываюць у Польшчы, сцвярджаюць, што нават пасля гэтага ў палякаў у Літве будзе лепшая, чым у іх, магчымасць вучыцца на роднай мове.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?