Юрыя Лінгу, як расказаў аб збіваннях у глыбоцкай калоніі (Віцебская вобласць), паспрабавалі абвінаваціць у крадзяжы. Пра гэта БелаПАН паведаміў дырэктар інфармацыйна-асветнай установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка.

Паводле яго слоў, вечарам 6 верасня супрацоўнікі міліцыі затрымалі Лінгу, які жыве ў Смаргоні (Гродзенская вобласць), з патрабаваннем прызнацца ў крадзяжы грошай.
Юрыю не далі магчымасці звязацца з адвакатам і прадстаўнікамі «Платформы». «Ноч ён правёў у Смаргонскім РАУС і толькі раніцай 7 верасня, а 10-й гадзіне, змог патэлефанаваць мне, калі яго прывезлі ў РАУС на разгляд адміністрацыйнага правапарушэння. Якое правапарушэнне яму інкрымінуецца, пакуль незразумела», — паведаміў Бандарэнка.

«Пакуль складана штосьці каментаваць, мы толькі раніцай даведаліся аб здарэнні і зараз звязваемся з адвакатам Юрыя. Успамінаючы пагрозы кіраўніцтва Смаргонскага РАУС аб тым, што калі Лінга не адмовіцца ад сваіх слоў аб катаваннях у глыбоцкай калоніі, то на яго „павесяць“ усе крадзяжы раёны, можа меркаваць, што абяцанні пачалі збывацца. Не маючы іншай магчымасці ўздзейнічаць на Лінгу, міліцэйскія чыны пачалі банальнае звядзенне рахункаў. Ім вельмі неабходна паказаць усім астатнім, што будзе, калі яны вырашаць змагацца за праўду і справядлівасць», — лічыць Бандарэнка.

Як падкрэсліў кіраўнік «Платформы», Юрый Лінга — «моцны чалавек». «За некалькі дзён да гэтага інцыдэнту ў размове са мной ён сказаў, што на вуліцы яго сустракаюць незнаёмыя людзі, паціскаюць яму руку і кажуць, што ганарацца ім», — адзначыў Бандарэнка.

1 жніўня ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя, арганізаваная інфармацыйна-асветнай установай «Платформа». Адзін з яе ўдзельнікаў, Юрый Лінга, які нядаўна вызваліўся з глыбоцкай калоніі, расказаў аб фактах збівання зняволеных у гэтай калоніі. Паводле яго слоў, у чэрвені гэтага года зняволеныя запатрабавалі сустрэчы з генпракурорам Беларусі ў сувязі з дрэннымі ўмовамі ўтрымання ў калоніі. Паколькі сустрэча не адбылася, некаторыя яе ініцыятары аб’явілі галадоўку, пасля чаго былі жорстка збітыя. Адзін з іх пасля гэтага ўспароў сабе жывот, другі — вены і ледзь не памёр ад страты крыві. Маці зняволеных інфармацыю аб збіваннях у калоніі пацвердзілі.

Пасля вяртання ў Смаргонь у Лінгі пачаліся праблемы з міліцыяй. Паводле слоў Бандарэнкі, яму неаднаразова пагражалі, «аж да арышту», і папярэджвалі, што аб правах зняволеных ён будзе расказваць у калоніі.

У МУС інфармацыю аб збіваннях, галадоўцы і спробах суіцыду ў калоніі Глыбокага не пацвердзілі. У Генпракуратуры заявілі пра намер вывучыць сітуацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?