Арганізатары акцыі «Народны сход» маюць намер запрасіць на мерапрыемства прадстаўнікоў гарадскіх адміністрацый,

паведаміў адзін з ініцыятараў акцыі, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч 8 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Народны сход — першы крок да адкрытага дыялогу з уладамі. Мы гатовы правесці мерапрыемства ў адпаведнасці з законам. Паглядзім, як на нашу ініцыятыву адрэагуюць улады», — сказаў ён.

Яшчэ адзін з ініцыятараў акцыі палітык Віктар Івашкевіч адзначыў, што, «перш чым весці перамовы з Расіяй, Еўропай, улады павінны правесці іх з народам». «Толькі крэдыт даверу ўладам з боку народа дапаможа вырашыць эканамічныя праблемы», — лічыць Івашкевіч.

Ён таксама паведаміў, што пакуль улады амаль не робяць захадаў, якія перашкаджаюць арганізатарам Народнага сходу.

Арганізатары плануюць правесці акцыю 8 кастрычніка ў 13 гадзін больш чым у 25 гарадах Беларусі.
У Мінску мерапрыемства павінна прайсці ў парку Дружбы Народаў недалёка ад плошчы Бангалор. На Народным сходзе плануецца абмеркаваць складанае эканамічнае становішча ў краіне і выпрацаваць прапановы і патрабаванні ўладам.

Фядыніч таксама паведаміў, што, хутчэй за ўсё, сцягі і транспаранты падчас акцыі выкарыстоўвацца не будуць, бо «гэта сход, а не мітынг». Паводле меркавання Івашкевіча, «чым большую колькасць удзельнікаў збярэ акцыя, тым больш легітымнымі будуць прынятыя рашэнні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?