Жыхары Мазыра Віталь Бондар і Ірына Жыгадла звярнуліся 10 верасня ў міліцыю і маюць намер звярнуцца ў пракуратуру адносна забойства службай адлову бяздомнай жывёлы іхнага сабакі, каралеўскага пекінеса.

Здарылася гэта ў Мазыры 10 верасня, прычым у дзень свята горада! «Раніцай я гуляў са сваім Рычы ў гарадскім парку каля Прыпяці. Рычы бег наперадзе мяне, літаральна за пяць метраў ад мяне, і раптам нейкі мужчына зрабіў крок ад прыпаркаванай машыны і накіраваў нешта ў бок майго сабакі. Я не паспеў нічога зразумець, як пачуў гучнае плясь і ўбачыў, што Рычы ўпаў на тратуар, пачаў біцца ў канвульсіях. У целе сабакі тырчаў нейкі шпрыц», — сказаў Бондар.

Як пазней высветлілася, гэта былі работнікі службы па адлове бяздомных жывёл разам з начальнікам участка. «Яны сказалі, што ў шпрыцы дытылін у вялікай дозе і сабаку выратаваць нельга. Тыя, хто страляў, былі на асабістым аўто, без спецадзення, сродкаў адлову (сачка, сеткі). Яны гулялі ў паркавай зоне з помпавай стрэльбай. Я забраў у іх стрэльбу, выклікаў міліцыю і потым аддаў стрэльбу следчаму», — зазначыў малады чалавек.

Ён спрабаваў выратаваць сабаку, але па дарозе да ветэрынара пекінес памёр.

Заяўнікі просяць пакараць вінаватых у смерці сабакі. «Служба па адлове бяздомных жывёл павінна іх адлоўліваць і дастаўляць у пункт часовага ўтрымання, а замест гэтага сабак, нават тых, якія маюць гаспадароў, адстрэльваюць. Каму мог нанесці шкоду гэты маленькі пекінес, тым больш ён быў з гаспадаром? Яны парушаюць закон, дзейнічаюць як шарыкавы. Я таксама буду скардзіцца ў пракуратуру», — заявіў старшыня грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Зоаабарона» Павел Наздра. Ён неаднаразова накіроўваў скаргі ва ўсе інстанцыі аб парушэнні заканадаўства з боку службы адлову бадзяжных жывёл. Паводле слоў Наздры, у Мазыры і раёне неаднаразова ахвярамі службы па адлове станавіліся сабакі, якія маюць гаспадароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?