Падтрымліваць абвінавачанне на судовым працэсе па справе аб тэракце ў мінскім метро і шэрагу іншых злачынстваў двух ураджэнцаў Віцебска будуць тры дзяржаўныя абвінаваўцы, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Сярод трох дзяржабвінаваўцаў — адзін з намеснікаў генеральнага пракурора. Хто менавіта — пакуль не называецца.

Старшынстваваць у судзе будзе першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Аляксандр Федарцоў.

Працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым пачнецца ў мінскім Доме правасуддзя 15 верасня ў 11 гадзін.

Дзмітрыю Канавалаву прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні тэрарызму, які ў тым ліку пацягнуў чалавечыя ахвяры, прычыненне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, іншыя цяжкія наступствы, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмыснага знішчэння і пашкоджання маёмасці агульнанебяспечным спосабам.

Уладзіславу Кавалёву прад’яўлена абвінавачанне ў саўдзеле ў форме дапамагання і ўчыненні тэрарызму, учыненні злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў, укрывальніцтве асобы, якая ўчыніла асабліва цяжкае злачынства, і неданясенні аб учыненых і падрыхтоўцы асабліва цяжкіх злачынстваў.

Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» мінскага метро адбыўся 11 красавіка. 15 чалавек загінулі, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.

Як паведаміў журналістам 1 жніўня намеснік генпракурора — начальнік следчага ўпраўлення Генпракуратуры Андрэй Швед, Кавалёву інкрымінуецца больш за 15 эпізодаў злачыннай дзейнасці, Канавалаву — 30. У працэсе расследавання крымінальнай справы, аперытыўна-вышуковых мерапрыемстваў не было выяўлена ўскосных сведчанняў таго, што за спіной абвінавачваных стаялі якія-небудзь спонсары або заказчыкі. «Канавалаў і Кавалёў дзейнічалі самастойна», — сказаў Швед.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?