Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, затрыманы 13 верасня ў маскоўскім аэрапорце Дамадзедава, вылецеў з Масквы ў Вашынгтон.

Гэта стала вядома ад расійскага палітыка Леаніда Гозмана, якому Лябедзька расказаў: расійскія памежнікі дазволілі яму падняцца на борт самалёта, што вылятае ў сталіцу ЗША, паведамілі ў АГП.

Пра затрыманне Лябедзькі стала вядома некалькі гадзін таму ад таго ж Гозмана, з якім беларускі апазіцыйны палітык паспеў звязацца па тэлефоне.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Лябедзька быў затрыманы за тое, што спрабаваў вылецець з Масквы па несапраўдным пашпарце.
Як паведаміла крыніца ў МУС Беларусі, у расійскіх праваахоўных органаў ёсць база такіх пашпартоў (згубленых, выкрадзеных) беларускіх грамадзян, прычым гэта адзіная беларуская база, якой карыстаюцца расіяне.
У той жа час з'явілася і іншая версія: што Лябедзьку затрымалі, бо раней ён быў падазраваным па крымінальнай справе, але ўрэшце высвятлілася, што абвінавачванне з яго знятае, прэтэнзій да яго няма.

Нагадаем, Анатоль Лябедзька быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Пасля затрымання ў ноч з 19 на 20 снежня ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, адкуль быў выпушчаны 7 красавіка пад падпіску аб нявыездзе. 23 жніўня крымінальная справа ў дачыненні да лідара АГП была спынена, аднак пашпарт яму дагэтуль не вярнулі. Нягледзячы на гэта, 6 верасня Лябедзька змог выехаць у Польшчу на сустрэчу групы беларускіх апазіцыйных палітыкаў з польскім кіраўніцтвам.

7 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску Лябедзька заявіў, што знайшоў спосаб выязджаць за мяжу без пашпарта. «У нас працягваецца «футбольнае» спаборніцтва з КДБ, і цяпер лік 1:1 — мне яшчэ нічога не аддалі, а я ўжо выехаў, праехаў па Беларусі, праўда, па паветры», — растлумачыў палітык. «Думаю, гэта стане для іх стымулам вярнуць пашпарт, бо трымаць ім яго ў сябе няма сэнсу», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?