Каардынатару грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітру Бандарэнку адмовілі ў змякчэнні рэжыму пакарання.

Бандарэнка мае права на змякчэнне пакарання з 20 жніўня ў сувязі з заканчэннем траціны тэрміну зняволення. Пытанне разглядала камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні і замене рэжыму пакарання.

Зміцер Бандарэнка ў пісьме да жонкі папрасіў даслаць гарантыйны ліст-хадайніцтва ад арганізацыі, якая гатова ўзяць яго на працу, характарыстыку з РУУС і даведку са службы занятасці. Вольга Бандарэнка падрыхтавала ўсе неабходныя дакументы, але не паспела пераслаць іх. Як высветлілася, ліст палітзняволенага турэмная цэнзура затрымала на тыдзень.

Яшчэ ў адным лісце да жонкі Бандарэнка напісаў, што пасяджэнне камісіі доўжылася трыццаць секунд. «Я ўвайшоў у пакой, у якім сядзела шмат людзей у форме, і начальнік каранціну аб’явіў, што мне адмоўлена ў замене пакарання ў сувязі з тым, што не вырашана мае бытавое пытанне. Гэта значыць няма паперы з майго РУУС і маім працаўладкаванні. Начальнік калоніі заявіў таксама, што мяне, маю асобу яшчэ недастаткова вывучылі, і запытаў, ці ёсць у мяне пытанні. Пытанняў не было. Потым начальнік каранціну сказаў, што для вывучэння спатрэбіцца яшчэ паўгода. Гэта значыць наступная камісія адносна мяне будзе праз паўгода», — напісаў у лісце Бандарэнка.

Зміцер Бандарэнка быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава. Яго, як і шматлікіх актывістаў апазіцыі, затрымалі пасля мітынгу 19 снежня і змясцілі ў СІЗА КДБ, дзе ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні. У красавіку суд прызнаў яго вінаватым у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх» і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пасля арышту ў палітыка дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў пазваночніка і ўшчамленне спіннамазгавых нерваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы ў 5-ю клінічную бальніцу Мінска, дзе на наступны дзень зрабілі аперацыю. Цяпер Бандарэнка знаходзіцца ў калоніі № 15 у Магілёве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?