praudu.com.ua

praudu.com.ua

У сераду ў Беларусі пачнуць працаваць новыя правілы гандлю валютай. Пасля 11.00 на валютнай біржы павінна пачацца другая, дадатковая сесія. Мяркуецца, што прадаваць і купляць даляры-еўра на ёй будуць па рынкавым курсе — зыходзячы з попыту і прапановы. Акрамя таго, банкі змогуць усталёўваць курсы валют у абменніках без усялякіх абмежаванняў. Нагадаем, цяпер кошт там даляраў-еўра не павінен адрознівацца ад афіцыйнага больш чым на 2%.

— Але гэта не значыць, што банкі могуць выставіць любы курс у абменніках, — запэўніваюць прадстаўнікі камерцыйных банкаў. — Нацбанк рэкамендаваў арыентавацца на той курс, які складзецца на другой сесіі.

У банках чакаюць, што новы курс з’явіцца заўтра, 14 верасня, каля 12.00 — 13.00.

— Але ў прынцыпе прыкладны курс Нацбанк будзе ведаць ужо гэтай ноччу. Бо сёння, 13 верасня, да 15.00 банкі павінны былі падаць заяўкі на ўдзел у дадатковай сесіі, — падзяліўся падрабязнасцямі з «Камсамолкай» топ-менеджар аднаго з камерцыйных банкаў.

У заяўках банкі абавязкова павінны былі ўказаць, паводле якога максімальнага курсу іх кліенты (фірмы, прадпрыемствы, прадпрымальнікі) гатовыя купіць валюту на біржы.

Таргі праходзяць па наступнай схеме: спачатку ўсталёўваюць стартавы курс (як мяркуюць банкіры, гэта будзе афіцыйны курс Нацбанка).

— Паколькі ў цяперашняй сітуацыі ахвотных купіць валюту будзе больш, чым прадаць,

біржавы маклер будзе паступова павышаць курс.

Так, заяўкі тых, хто хоча купіць даляры па больш нізкім курсе, будуць адсяваць, — тлумачаць прадстаўнікі банкаўскага сектара. — Курс будзе павышацца да таго часу, пакуль не зраўняецца колькасць тых, хто хоча купіць валюту, і тых, хто хоча яе прадаць.

У гэты момант і будзе зафіксаваны новы курс.

Як толькі таргі завершацца, банкі вывесяць новыя курсы ў абменніках.

Праўда, гэта зусім не значыць, што заўтра пасля абеду даляры і еўра вярнуцца ў свабодны продаж.

— Пакуль што мы не будзем падаваць заяўкі на куплю валюты для падмацавання абменнікаў, — прызнаюцца банкіры. — Рабіць гэта мы будзем пасля таго, як стане зразумела, што курс на дадатковай сесіі сапраўды фармуецца празрыста, без адміністрацыйнага ціску.

Да гэтага часу абменнікі будуць працаваць з абароту: прадаваць тое, што здасць насельніцтва.

Вялікага патоку ахвотных здаць даляры банкіры не прагназуюць.

— Нам дадзена ўказанне забяспечыць абменнікі дастатковай колькасцю беларускіх рублёў, каб усе ахвотныя змаглі здаць валюту, — распавядаюць у адным з банкаў. — 

Але валютчыкі ў бліжэйшы час усё роўна нікуды не знікнуць.

ДАРЭЧЫ

У чаканні дадатковай сесіі даляр на чорным рынку пачаў таннець. У выніку, сёння «зялёны» ў валютчыкаў каштаваў прыкладна 8100. А на сайце валютчыкаў ўчора ахвотныя купіць «амерыканца» гатовыя былі плаціць 7600 — 7900 рублёў.

У Вільні даляр можна было купіць за 7800 беларускіх рублёў. Праўда, пры гэтым турфірмы лічылі даляр па 10 000, а інтэрнэт-крамы — па 8500.

А У ГЭТЫ ЧАС

У самых «поўных» месцах Минска чэргі ў абменнікаў стаялі нават сёння, калі ўжо было вядома, што ў сераду курс будзе новым.

У спісах па-ранейшаму лічыліся сотні чалавек.

— У нас у спісе амаль 1300 чалавек, — распавяла «чаргавіца» ў абменніка на вакзале, — Ліміт — 1000 даляраў у адны рукі. Праўда, яна рухаецца не хутка — прыкладна па адным чалавеку ў суткі.

Але нават пры такой хуткасці некалькі чалавек чакалі сваёй чаргі, у надзеі купіць валюту:

— Можа, нам пашанцуе. Сёння яшчэ па старым курсе купім. Ды нават калі ў сераду атрымаецца купіць, але па новым курсе, гэта таксама будзе поспех.

Рыначнага курсу валют ў абменнікаў чакаюць з нецярпеннем.

— Праз два дні валюта з’явіцца — на ўсіх хопіць, — запэўнівае дзелавітага выгляду жанчына, — які сэнс запісвацца зараз?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?