Калі чакаць стабілізацыі курсу валют? Колькі будзе каштаваць даляр у найбліжэйшы час? Ці вернецца краіна ў «ліхія 90-я»? Ці ёсць у Беларусі нейкая перспектыва? За колькі можна набыць даляры ў Гомелі? Вядомыя дзеячы беларускага спорту адказваюць на гэтыя і іншыя пытанні Goals.by.

«Не бачыў «валютчыкаў»

Аляксандр Шумідуб (трэнер ХК «Гомель»)

«Веру, што найбліжэйшым часам курс даляра павінен стабілізавацца. Я, вядома, не эканаміст, але ўпэўнены, што ўсё, як сказаў прэзідэнт, будзе стабільна да сярэдзіны верасня. Павінныя адбыцца таргі на валютнай біржы, а адтуль ужо і будзем скакаць. Не магу сказаць, на якім узроўні ўсталюецца курс амерыканскай валюты. Ведаю толькі банкаўскі курс, а што там на чорным рынку робіцца, мне насамрэч невядома. Сур’ёзна, нават «валютчыкаў» пакуль нідзе не бачыў. Ды і з роднымі мы эканамічныя праблемы не абмяркоўваем.

Наколькі я ведаю, людзі могуць купіць валюту ў банках па спецыяльных дазволах для паездак або іншых важных мэтаў. Я сам валюты не набываю, навошта яна мне пакуль? Калі б мне трэба было кудысьці ехаць, то я б задумаўся з гэтай нагоды. Мы ж паедзем у Латвію толькі бліжэй да Новага года, а тады, я спадзяюся, сітуацыя ўжо цалкам нармалізуецца, і валюту можна будзе набыць свабодна. На якой падставе я не павінен верыць заявам прэзідэнта? "

«Гэта жах!»

Руслан Байдакоў (галоўны трэнер БК «Лакаматыў — КіС»)

«Шчыра кажучы, у стабілізацыю курсу валюты вельмі хацелася б верыць. Таму што той бардак, які робіцца ў краіне, надакучыў усім: і заможным, і маламаёмасным, і бедным. Хочацца хоць нейкай стабільнасці. Хай ужо курс даляра будзе вялікім, хай маленькім, у што слаба верыцца, хай сярэдненькім, што куды ні ішло, але галоўнае, каб усё стала стабільна. Бо цяпер зноў наступілі далёкія 90-я гады, калі ў свядомасці людзей ужо няма ні гімна, ні сцяга, ні Радзімы — нічога. Суцэльнае душэўнае спусташэнне. І галоўнае, няма ніякай перспектывы — ты б’ешся, як галавой аб сцяну.

А наконт тэрмінаў навядзення парадку трэба спытаць у людзей вышэй. Ад мяне сапраўды нічога не залежыць. Я раблю ўсё, за што адказваю, сумленна працую, і веру ў добрую будучыню. Пакуль яшчэ. Хацелася б, каб курс даляра не перавысіў 10 тысяч беларускіх рублёў. Бо ў адваротным выпадку гэта пяройдзе ўсякія межы. Будзе вялікім пытаннем, як у крамах разлічвацца. Валюты не набываю, таму што няма за што. Цяпер параўноўваць наш рубель з далярам — проста смешна. Не ведаю, што яны там зверху могуць зрабіць, але тое, што адбываецца, — гэта жах».

«У краіне шмат валюты»

Сяргей Бябешка (галоўны трэнер ГК «Дынама»)

«Я не думаю, што нехта верыць у хуткую стабілізацыю курсу даляра. Няма падставаў для такога аптымізму. А сам курс будзе залежаць ад таго, як пройдуць таргі на дадатковай сесіі, і ад інтэрвенцыі Нацбанка. Мне здаецца, што ў выпадку інтэрвенцыі курс даляра павінен спыніцца ў раёне 7 тысяч. У адваротнай жа сітуацыі мы ўбачым восем-дзевяць. Па-мойму, цяпер кожны сочыць за навінамі эканомікі, бо ў спорце шмат што залежыць ад гэтага.

У прынцыпе, цяпер у мяне няма магчымасці набыць валюту. Заработную плату мы атрымліваем у беларускіх рублях, таму застаецца толькі чакаць гэтай самай дадатковай сесіі і спадзявацца, што даляр з’явіцца ў продажы. Бо купля і продаж валюты не ў банках нелегальны, і лепш з гэтай справай не гуляць.

Думаю, што даляр можа найбліжэйшым часам з’явіцца ў абменніках, але па вельмі вялікім курсе. Таму будзе мала ахвотных яго набыць. Мне здаецца, у краіне цяпер даволі шмат валюты, усе яе прытрымліваюць і чакаюць стабілізацыі курсу. Не думаю, што з такой зарплатай, як у Беларусі, людзі змогуць жыць нармальна — яны будуць проста вымушаныя здаваць свае валютныя зберажэнні. Але ўсе хочуць зрабіць гэта па выгадным курсе, а не па тым, які цяпер выстаўлены Нацбанкам».

«Праз паўгода „заначкі“ скончацца»

Яніна Карольчык (заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, алімпійская чэмпіёнка ў штурханні ядра)

«Па-мойму, курс валюты павінен стабілізавацца ў хуткім часе. Напэўна, да канца верасня. Бо без гэтага проста ніяк! Шмат тавараў трэба набываць за мяжой. Ездзіць за мяжу таксама трэба. Асабліва гэта датычыць спартоўцаў. Аднак на выпраўленне сітуацыі ў краіне спатрэбіцца час: усё адбылося так хутка, і людзі былі проста не гатовыя. Народ наогул не ведае, чаго чакаць. Цяпер курс даляра на рынку складае 7500 — 8000 рублёў. Мне, вядома, хацелася б, каб ён быў меншы. Думаю, што ўсё-такі ён не перавысіць адзнаку ў 10000. А пакуль я валюты не набываю, не хочацца карыстацца нелегальнымі абменнікамі. У людзей яшчэ не скончыліся старыя запасы валюты. Аднак пройдзе дзесьці паўгодзіка, і ўсе заначкі пры такой сітуацыі скончацца».

«Прапаноўвалі даляры па курсе 7300»

Максім Лісавы (форвард ФК «Гомель»)

«Рана ці позна курс павінен стабілізавацца. Кажуць, што гэтае пытанне мусіць вырашыцца да канца месяца. Мне здаецца, што да гэтага часу курс даляра спыніцца на адзнацы 8000 рублёў. А такі паварот падзей непрыемны для ўсіх. Па-першае, у нас заробкі былі разлічаныя па іншым курсе, а па-другое, цэны выраслі даволі сур’ёзна. Гэтая праблема датычыць не толькі мяне як легіянера, але і ўсіх беларусаў. Бо ўсе сталі атрымліваць менш грошай.

Асабіста я яшчэ ў Бабруйску карыстаўся паслугамі „валютчыкаў“. А ў Гомелі мне апошні раз прапаноўвалі купіць даляры па курсе 7300. Думаю, трэба пачакаць, а потым ужо набываць валюту, калі будзе стабільны афіцыйны курс. А пакуль ад мяне ўсё роўна нічога не залежыць, таму гляджу ў будучыню з аптымізмам. Калі б я мог паўплываць на дадзеную сітуацыю, тады можна было б хвалявацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?