Віктар Кавалеўскі 20 гадоў не быў на радзіме. Фота Сяргея Гудзіліна.

Віктар Кавалеўскі 20 гадоў не быў на радзіме. Фота Сяргея Гудзіліна.

У 1980-м Віктар Кавалеўскі, тады афіцэр вайсковай тэхнічнай разведкі, паклаў на стол партбілет. А ў 1992-м, калі здавалася, што ўсё толькі пачынаецца, з’ехаў з сям’ёй у Аўстралію. Сёлета, праз два дзесяцігоддзі, ён зноў наведаў Беларусь. Пра мінулае і цяперашняе, пра беларускія справы ў Аўстраліі, пра ўражанні ад сённяшняй Беларусі спадар Кавалеўскі расказаў карэспандэнту «Нашай Нівы».

Партбілет на стол

«Ад мяне такога ніхто не чакаў. Я — савецкі афіцэр, служу ў тэхнічнай разведцы, за плячыма — шэсць гадоў у партыі. І раптам кладу партбілет на стол. Ішоў 1980-ы год», — прыгадвае Віктар Кавалеўскі. Выпускнік вайсковай вучэльні, служыў у Расіі, Казахстане, Кіргізіі. Перад ім ляжаў просты шлях вайсковай кар’еры, але ён вырашыў усё змяніць. Камандаванне відавочна разгубілася, а потым пачало апрацоўваць яго, ужываючы па чарзе то «пернік» — вярніся ў партыю і стань капітанам, то «бізун» — не вернешся, пойдзеш у пяхоту малодшым лейтэнантам. Віктар выбраў трэці шлях — звольніўся з войска.

«Я не мог больш знаходзіцца ў партыі. Партбілет спрыяў кар’ернаму росту, і гэтым многія карысталіся. Я ж не хацеў такога жыцця».
У ягонай сям’і ніхто не быў у партыі. Дзед быў з Заходняй Беларусі. Ад яго Віктар некалі даведаўся, што беларусы — гэта беларусы, рускія — гэта рускія. Гэтыя веды, магчыма, і сталі тым насеннем, з якога выраслі сумневы.

У 1983-м Віктар пайшоў працаваць інжынерам на мінскі завод «Калібр». Пры ўладкаванні не хаваў прычыны звальнення з войска, але, як ні дзіўна, да ягонага дысідэнцтва паставіліся спакойна.

Дэмакратыю не збудуеш за тры гады

Як так сталася, што дысідэнт і нацыяналіст эмігрыраваў у 1992-м, калі, здавалася б, у Беларусі ўсё толькі пачыналася? Спадар Віктар пачынае тлумачыць здаля:

«Вялікабрытанія ішла да дэмакратыі стагоддзямі. Гадаваліся пакаленні людзей, выпрацоўваліся пэўныя каштоўнасці. У нас жа на той момант не было дастатковай колькасці інтэлектуалаў, каб за такі кароткі перыяд дасягнуць тых жа поспехаў і, галоўнае, замацаваць іх».
Не было ў яго веры і ў поспех лідараў Адраджэння. Ён быў перакананы, што ідэі Пазняка былі занадта правымі, а таму непрымальнымі для многіх беларусаў.

«Мне цяжка меркаваць, наколькі змянілася сітуацыя ў Беларусі за дваццаць гадоў. Магчыма, наш лідар хутка з’явіцца. Можа, ён ужо сярод нас, а мо яшчэ толькі пайшоў у школу. Адчування хуткіх пераменаў у мяне няма, і, думаю, ніхто цяпер не скажа, калі яны здарацца. Але ўсё можа змяніцца зусім нечакана», — кажа Віктар пра сённяшні дзень. А тады, у 1992-м, яму, па яго словах, стала цяжка дыхаць у Беларусі. І ён разам з сям’ёй з’ехаў у Аўстралію. Чаму менавіта туды? Бо там ужо жылі родныя.

«Я ганаруся сваімі дзецьмі»

Дзядзька Кавалеўскага, таксама Віктар, у вайну быў вывезены ў Нямеччыну на прымусовыя працы. Ажаніўся з немкай. Яе бацькі не ацанілі выбар дачкі і выгналі з хаты разам з мужам­беларусам. Немка выбрала каханне і сышла з няветлага бацькоўскага дома. У 1952 годзе яны з’ехалі ў Аўстралію. Акурат дзядзька і натхніў Віктара на ад’езд на пяты кантынент. Уладкавацца на месцы ўжо дапамагаў стрыечны брат.

Кавалеўскія пасяліліся ў Адэлаідзе, набылі старэнькі дом. «Дагэтуль яго рамантуем», — расказвае Віктар і падкрэслівае пры гэтым, што яго дзеці маюць свае ўласныя дамы — «добрыя і новыя». Ён вельмі ганарыцца сваімі дочкамі, бо яны ўпартыя, ведаюць, чаго хочуць. Старэйшыя — Аляўціна і Таццяна — маюць свой бізнэс. Малодшая Вікторыя вучыцца на архітэктара, адначасова працуючы. «Самастойна зарабіла сабе на легкавік, не залежыць ад бацькоўскіх грошай». Сам Віктар працуе кіроўцам у транспартнай кампаніі.

У сям’і Кавалеўскія размаўляюць на беларуска­-англійскай трасянцы. «У Беларусі, дарэчы, таксама шмат англіцызмаў у мове сустракаецца — тут таксама кажуць «шопінг» і г.д.», — дзеліцца назіраннямі Віктар.

Беларускае свята №1 у Аўстраліі для Віктара — 25 сакавіка.
Беларусы ідуць у мясцовы парк, накрываюць сталы. Абавязковыя атрыбуты — бел-­чырвона-­белы і аўстралійскі сцягі. «Збіраемся, віншуем адзін аднаго. Тут не трэба дазволу, каб збірацца больш за трое», — усміхаецца Віктар.

«Няма той згуртаванасці, што была па вайне»

Па прыездзе ў Аўстралію Віктар далучыўся да тутэйшых беларусаў, пачаў наведваць Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Праз некалькі гадоў стаў сакратаром Беларускага аб’яднання Паўднёвай Аўстраліі, а ў 1996-м узначаліў яго і працягвае кіраваць ім да нашых дзён. Сёння суполка існуе фармальна, дзейнічае толькі камітэт. Ад ліквідацыі стрымлівае той факт, што беларусы шукаюць у Аўстраліі сваіх крэўных праз Чырвоны крыж, а той у гэтай справе звяртаецца акурат да аб’яднання.

«Няма той згуртаванасці, што была ў паваенных эмігрантаў. Раней усё трымалася на царкве.

Касцяком былі беларусы, што прайшлі праз фільтрацыйныя лагеры. Тыя, хто не жыў усё жыццё пад бальшавікамі», — тлумачыць Віктар. Ён прыгадвае імёны Міхася Лужынскага, Аўгена Грушы, Міхася Зуя, Янкі Ролсана, Міхася Бурноса...
Старэйшае пакаленне з недаверам ставілася да новай хвалі эмігрантаў з Беларусі, але дапамагала землякам, збірала грошы для чарнобыльцаў. «Камунізм нешта зрабіў з душамі людзей. Прыязджалі маладыя людзі, адукаваныя, разумныя, але не было сярод іх той еднасці, што была ў старэйшых».

Іншыя беларускія суполкі ў Аўстраліі перажываюць падобны крызіс. Сувязі між імі пакрысе згасаюць, кажа Кавалеўскі.

Прыгажосць, страх і гонар

Сёлета Віктар упершыню з моманту ад’езду наведаўся ў Беларусь. Перад гэтым праехаў з дзясятак еўрапейскіх краін: Вялікабрытанію, Францыю, Нямеччыну, Швейцарыю, Італію. На радзіму трапіў праз Расію.

Пасля расійскіх дарог і аўтамабіляў Беларусь падалася яму цалкам еўрапейскай краінай. Але гэтае ўражанне, транзітнае, як ён яго сам акрэсліў, трывала нядоўга.
«Мінск — вельмі прыгожы і ўтульны. Беларусь — заходняя краіна. Але так здаецца, пакуль не выйдзеш з аўто і не загаворыш з людзьмі».

Другое моцнае ўражанне — колькасць п’яных на вуліцах.

«Я столькі за дзесяць гадоў у Аўстраліі нецвярозых не бачыў, як за некалькі дзён у Мінску. Такое моцна кідаецца ў вочы».

А яшчэ кідаецца ў вочы страх, які, здаецца, працінае ўсіх яго знаёмых. Па назіраннях Віктара, людзі задумваюцца, перш чым пра нешта загаварыць, адказаць па тэлефоне.

Колькі дзён беларускага адпачынку Віктар правёў у сваякоў на Капыльшчыне. «Цікава, як вясковы люд рэагуе на эканамічныя праблемы. Вінаватыя ўсе: Расія, Польшча, ЗША. Гэта яны падстроілі крызіс, з­-за іх растуць цэны і знікла валюта. А прэзідэнт харошы — сам з вёскі, разбіраецца ў калгасных справах». Пры гэтым, адзначае Віктар, вяскоўцы вельмі ганарацца сваёй краінай, яе дасягненнямі. А калі чаго яшчэ і не дамагліся, то ізноў жа — «перашкодзілі злыя суседзі».

Для сябе ж Віктар адзначыў, што беларуская вёска па-ранейшаму жыве бедна, але нібы не заўважае таго. Ягоная цешча была ў іх у Аўстраліі некалькі месяцаў, але той невялікі досвед жыцця за акіянам наўрад ці змяніў яе светапогляд.

Мая радзіма там, дзе мая сям’я

Месяц у Беларусі мінуў хутка. Віктар пакуль не ведае, калі наступным разам прыляціць сюды. Пытаю ў спадара Віктара, ці не адчувае ён праз дваццаць год Аўстралію другой радзімай. «Я захоўваю да Беларусі самыя цёплыя пачуцці, але па-чалавечы адчуваю, што мая радзіма там, дзе мая сям’я, дзеці». У Аўстраліі ў Кавалеўскіх гадуюцца пяць унукаў.

***

Віктар Кавалеўскі

нар. у 1956 у Радашковічах. Праз год сям’я пераехала ў Мінск. Скончыў вайсковую вучэльню. Служыў у тэхнічнай разведцы. У 1992 з сям’ёй выехаў у Аўстралію. Ад 1999 — старшыня беларускага аб’яднання Паўднёвай Аўстраліі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?