Запланаваная на вечар 14 верасня ў Мінску акцыя аўтамабілістаў супраць падаражання паліва «Стоп-бензін» не адбылася.

Рашэнне аб чарговым — сёмым з пачатку года — павышэнні цэн на бензін і дызпаліва прыняў напярэдадні дзяржканцэрн «Белнафтахім» «у мэтах паэтапнага раўнавання цэн на тавары ў краінах Мытнага саюза».

Рознічныя цэны на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца праз АЗС, павялічаны ў сярэднім на 3%. Літр бензіну «Нармаль-80» каштуе 4.380 рублёў (было 4.240), Аі-92 — 4.590 (4.460), Аі-95 — 4.950 (4.800), дызельнага паліва — 4.860 (4.720).

Акцыі «Стоп-бензін» праводзяцца ў Беларусі з мая 2010 года, як правіла, пасля кожнага павышэння цэн на паліва. Апошняя акцыя планавалася ў Мінску 22 жніўня, аднак, па сутнасці, не адбылася. Даведаўшыся аб планах аўтамабілістаў, супрацоўнікі ДАІ перакрылі рух на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў.

Інфармацыя аб цяперашняй акцыі з’явілася ў інтэрнэце раніцай 14 верасня.

Яе арганізатары — штаб супольнасці «Стоп-бензін» — заклікалі аўтамабілістаў збірацца «малымі групамі ў любым зручным для іх месцы» на адрэзку праспекта Незалежнасці ад вуліцы Сурганава да ГУМа.

«Асноўная мэта ўдзельнікаў акцыі — пасля 19.00 рухацца па праспекце Незалежнасці ад вуліцы Сурганава да ГУМа ў любым напрамку, разварочвацца ў любым дазволеным ПДР месцы. Вы можаце проста катацца па праспекце. Роўна ў 19.10 удзельнікі акцыі зніжаюць хуткасць руху да 20–30 км/гадз і ўключаюць аварыйку», — гаварылася ў распаўсюджаным паведамленні.

Аднак, паводле сведчання карэспандэнтаў БелаПАН, да вызначанага часу на праспекце Незалежнасці было ўсё спакойна, традыцыйна дзяжурылі нарады патрульна-паставой службы. Рух аўтамабілістаў па цэнтральнай магістралі сталіцы гэтым разам супрацоўнікамі ДАІ не перакрываўся, хоць яны і прысутнічалі на асноўных скрыжаваннях і плошчах. На Кастрычніцкай плошчы былі заўважаны супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным.

Напярэдадні ў інтэрв’ю БелаПАН Арцём Шаркоў — дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «За Аўто», якая аб’ядноўвае аўтамабілістаў, выказаў меркаванне, што чарговае павышэнне рознічных цэн на нафтапрадукты наўрад ці прывядзе да пратэстнай акцыі. На яго думку, цяпер грамадскасць «знаходзіцца ў нейкай спячцы». «Магчыма, людзі яшчэ не адышлі ад лета, а, магчыма, пытанні пражытку і нарыхтоўкі на зіму людзей цяпер хвалююць больш, чым іншыя штодзённыя пытанні», — адзначыў Шаркоў.

Цяпер у грамадстве назіраецца «абстрагаванне ад гэтай сітуацыі не толькі ў асяроддзі аўтааматараў», сказаў кіраўнік установы. Ён лічыць, што «ўсе замерлі ў чаканні таго, што будзе на валютным рынку краіны, і гэта ўплывае на праяўленне грамадзянскай актыўнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?