Калі вытворцы Еўрапейскага аэракасмічнага і абароннага канцэрна прэзентавалі ў чэрвені футурыстычны дызайн звышгукавых самалётаў, ён захапіў ўяўленне падарожнікаў па ўсім свеце.

Zehst, звышгукавы самалёт на біяпаліве з нулявымі адкідамі, дае ўяўленне пра тое, як можа змяніцца выгляд камерцыйнай авіяцыі ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі. І гэта сапраўды хутка. Канцэпцыя звышгукавога пасажырскага самалёта сягнула ўжо нашмат далей за звышгукавы «Канкорд», які развіваў хуткасць да 2100 кіламетраў у гадзіну. Zehst мае патэнцыял для таго, каб значна скараціць далёкія паветраныя падарожы і дазволіць 100 пасажырам лётаць з Франкфурта ў Токіа за 2,5 гадзіны замест стандартных 12–13 гадзін бесперасадкавага рэйса.

Падчас распрацоўкі Zehst былі выкарыстаныя існыя тэхналогіі вайскова-касмічнай эры самалётабудавання. Камбінацыя рэактыўных рухавікоў, што звычайна выкарыстоўваюцца ў ракетах і касмічных апаратах, дазволіць самалёту стромкі ўздым у стратасферу.

Ён будзе працаваць на біяпаліве, і, хоць кліенты будуць адчуваць невялікі гравітацыйны ціск, калі самалёт дасягне стратасферы, узровень камфорту будзе роўны камфорту звыклых палётаў.

Спецыялісты кажуць, што гіпергукавыя тэхналогіі пасажырскіх пералётаў развіваюцца не так хутка, як хацелася б. Некаторыя прарывы былі, пэўная колькасць дробных гіпергукавых лятальных апаратаў была запушчаная, але прагрэс ідзе павольна.

Zehst — доўгатэрміновы праект, які не будзе выкарыстоўвацца ў камерцыйнай авіяцыі яшчэ 30 гадоў,
хоць беспілотных выпрабавальных палётаў можна чакаць ужо ў 2020 годзе. Вытворцы таксама паведамляюць, што тэхналагічныя праблемы вырашальныя, бо большасць кампанентаў такога самалёта, у прыватнасці, рэактыўныя рухавікі, выкарыстоўваюцца ўжо сёння.

Кошт праекта ацэньваюць у €15 млрд (22 млрд даляраў).

Такая сума дазволіць стварыць флот ад 50 да 100 самалётаў. Да ўсталявання цаны на білет яшчэ далёка.

Калі гіпергукавыя падарожжы наўрад ці зменяць жыццё падарожнікаў эканом-класам, ці трансфармуюць яны рынак далёкіх пералётаў? Хоць глабальныя выдаткі на падарожжы будуць у найбліжэйшыя гады павялічвацца, авіяцыйныя эксперты настроеныя скептычна. Рэальнасць такая, што прамысловасць, у агляднай будучыні, будзе сканцэнтраваная на трансфармацыі традыцыйных канструкцый самалётаў, каб зрабіць іх больш эфектыўнымі і экалагічна чыстымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?