Пры цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.Герцэна ў Гомелі 16 верасня адбудзецца адкрыццё музея аўтографа.
У адміністрацыі бібліятэкі БелаПАН паведамілі, што музей аўтографа стане своеасаблівым падарункам гораду ў яго 869-ты дзень нараджэння.

У экспазіцыі прадстаўлены аўтографы ганаровых гараджан, ветэранаў, гасцей горада, афіцыйных асоб, дзеячаў навукі, вядомых артыстаў і музыкантаў, прызёраў Алімпійскіх гульняў. Частка экспанатаў музея атрымана ў рамках праекта «Гомель — культурная сталіца Беларусі і СНД 2011 года».

У сістэматызаванай калекцыі аўтографаў вядомых асоб налічваецца больш чым 600 экспанатаў. Гамяльчане змогуць убачыць аўтографы маці Тэрэзы, беларускага кардынала Рымска-каталіцкай царквы Казіміра Свёнтка, маршала Сямёна Будзённага, касманаўтаў Юрыя Гагарына, Германа Цітова, кінарэжысёра Кшыштафа Занусі, музыкантаў і кампазітараў Уладзіміра Мулявіна, Ігара Лучанка, Юрыя Антонава, Юрыя Башмета і інш. Многія з гэтых аўтографаў былі перададзены ў дар бібліятэцы гараджанамі.

Самы вялікі раздзел экспазіцыі складае літаратурны аўтограф. Сярод экспанатаў можна ўбачыць кнігі з дароўнымі надпісамі вядомых беларускіх і расійскіх пісьменнікаў: Івана Шамякіна, Івана Сяркова, Васіля Быкава, Аляксея Дударава, Аляксандра Салжаніцына, Яўгена Еўтушэнкі.

Для зручнасці карыстальнікаў супрацоўнікі бібліятэкі распрацавалі электронную базу дадзеных, дзе сабрана вялікая інфармацыя па гістарыяграфіі аўтографаў.

Нягледзячы на тое што многія ўстановы культуры калекцыянуюць аўтографы, аналагаў падобнага музея на сёння ў Беларусі няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?