Сёння ў судзе Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што Дзмітрый Канавалаў не ўзрываў бомбу ў метро.

Кавалёў сказаў: «Я думаю, Дзмітрый не ўзрываў бомбу ў 2011 годзе. Ці мала што там паказвалі» [маюцца на ўвазе кадры відэанагляду, на якіх Дзмітрый Канавалаў ідзе ў метро з сумкай на станцыю «Кастрычніцкая», а пасля выбуху назад — без сумкі]. Ён сцвярджае, што яму нібыта паказвалі кадры, дзе Канавалаў ішоў з сумкай у метро, але не паказалі, дзе Дзмітрый быў ужо без сумкі.

На судзе 15 верасня сам Канавалаў заявіў, што прызнае сваю віну па выбуху 11 красавіка.

Таксама Кавалёў заявіў, што Дзмітрый Канавалаў з дзяцінства захапляўся піратэхнікай і рабіў узрыўпакеты.

«Мы ведалі адзін аднаго з першага класа. Напэўна, вучыліся разам да восьмага… У Канавалава было захапленне хіміяй і піратэхнікай. Узрыўпакеты ўзрывалі разам, у асноўным на Новы год. Узрывалі на вуліцы, не лічачы эпізодаў з узрывам шкла [у пад’ездах]», — сказаў Кавалёў. Пры гэтым ён так і не змог дакладна сказаць, ці былі яны сябрамі.

Кавалёў адзначыў: «Я яму давяраў».
У той жа час сказаў: «У нас былі супольныя інтарэсы». Але якія менавіта, не ўдакладніў.

Кавалёў пацвердзіў, што ў Канавалава было памяшканне ў падвале: «Толькі я не ўпэўнены, калі яно з’явілася. Я бываў у гэтым падвале. Піва піў, музыку слухалі». Ён растлумачыў, што гэта было ўжо не ў школьным узросце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?