Адзначаецца, што «ва ўмовах пераходу да раўнаважнага курсу замежнай валюты, адкрыцця дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы, устанаўлення абменных курсаў ААТ «ААБ „Беларусбанк“ з улікам курсаў, што склаліся на таргах БВФБ, а таксама ва ўмовах адсутнасці ажыятажнага попыту з боку насельніцтва на замежную валюту, банк не бачыць мэтазгоднасці ў далейшым ажыццяўленні продажу замежнай валюты фізічным асобам на сацыяльна значныя мэты».

Як адзначылі ў банку, «на гэтым этапе набыць долары, еўра, расійскія рублі для лячэння, вучобы, наведвання хворых сваякоў і на іншыя сацыяльна значныя мэты можна ў вольным продажы, зыходзячы з аб’ёмаў набытай валюты ў насельніцтва». Тым не менш усе раней пададзеныя заявы фізічных асоб будуць разгледжаны банкам, заяўнікам будзе дадзена магчымасць набыць замежную валюту незалежна ад аб’ёмаў куплі ў насельніцтва ўстановамі банка, якія ажыццявілі прыём заяў, але ўжо па новым курсе.

З моманту прыняцця банкам парадку продажу наяўнай валюты фізічным асобам для ажыццяўлення імі сацыяльна значных расходаў (13 мая 2011 года) банкам разгледжана 12 тыс. зваротаў грамадзян, сумарны аб’ём продажу склаў 12,5 млн. долараў ЗША.

Прэс-служба банка таксама паведаміла, што валютна-абменныя аперацыі з фізічнымі асобамі ажыццяўляе па курсе дадатковай гандлёвай сесіі. Падраздзяленні банка з 15.00 14 верасня перайшлі на куплю-продаж замежнай валюты па курсах, устаноўленых па выніку дадатковай сесіі. Праца падраздзяленняў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Нацбанка ажыццяўлялася з абароту. Паводле інфармацыі прэс-службы, ажыятажнага попыту на валюту сярод насельніцтва не назіралася, па ўсіх валютах адзначана перавышэнне прапановы валюты насельніцтвам над попытам, у тым ліку па доларах ЗША — на 0,4 млн., еўра — на 0,03 млн., расійскіх рублях — на 5,7 млн. У структурных падраздзяленнях дастаткова замежнай і нацыянальнай валюты для ажыццяўлення абменных аперацый, заявілі ў банку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?