Пасля вызвалення курса ў мінскіх абменніках назіраецца дэфіцыт… беларускіх рублёў. Людзі масава здаюць валюту па рынкавым курсе, а вось купляць па ім — мала хто мае грошы.

Нацбанк канстатуе рост абаротаў абменнікаў:

за 15 верасня насельніцтва здало ў банкі $14,2 млн, а купіла толькі $3,5 млн.
Банкі таксама набылі ў насельніцтва 2 млн еўра і 118,2 млн расійскіх рублёў, прадалі -- 700 тыс. еўра і 10,1 млн. расійскіх рублёў.

Гэта прыводзіць да зніжэння курса валют. За два дні яны знізіліся прыкладна на 200—600 рублёў.

Цяжка сказаць, ці такая тэндэнцыя захаваецца ў 20-х дня верасня, пасля здачы суб'ектамі гаспадарання падаткаў. У папярэднія месяцы гэты фактар таксама ўплываў на рынак наяўнай валюты.

Трэці дзень дадатковай сесіі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы у чарговы раз засведчыў умацаванне рубля. Цяпер курс даляра складае 8480 рублёў. Учора ён быў на ўзроўні 8500 рублёў, а ў першы дзень сесіі — 8600.
Аб’ём таргоў склаў усяго $27 мільёнаў.

Расійскі рубель на дадатковай сесіі — 294 рубля, а еўра — 12140.

Тым часам афіцыйны курс даляра складае ўсяго 5375 рублёў, а еўра — 7414 рублёў.

Стратэгія, абраная Нацбанкам, дазваляе кантраляваць курс у запланаваных рамках. Дзякуючы ёй, попыт насельніцтва на валюту нельга назваць ажыятажным. Далучаючы прапагандысцкі эфект дзяржаўных СМІ, улады спрабуюць супакоіць напружаную сітуацыю ў краіне.

Аднак нізкія аб'ёмы таргоў прымушаюць задумацца.
Нагадаем, у першы ж дзень попыт на валюту складаў $57 мільёнаў. Дзе цяпер апынуліся гэтыя незадаволеныя заяўкі? Яны мусілі аўтаматычна перайсці на наступныя сесіі, але зараз яны не разглядаюцца.

Учора рубель умацаваўся шчэ й на пазітыўнай статыстыцы замежнага гандлю. У ліпені яго сальда склалася рэкордна плюсавым — аж на 380 млн даляраў.

Варта адзначыць, што гэта было яшчэ пры курсе чорнага рынку 6000–6500. Можна чакаць, што ў жніўні і верасні, калі курс узляцеў да 8000–9000 сальда стане яшчэ больш плюсавым. Гэта азначае, што раўнаважкі курс можа аказацца блізкім да ліпеньскага значэння: 6000.

У такім выпадку рубель чакае карэктуючы рост пасля галаваломнага падзення, якое ён перажыў за апошнія паўгода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?