У выніку камэрцыйных праектаў у Менску руйнуюцца ці ўжо зьнішчаныя бясцэнныя сьведчаньні старадаўняй беларускай гісторыі і культуры. А ці застаецца хоць нейкая магчымасьць вярнуць першасны выгляд Верхняга гораду і Ніжняга рынку зь Нямігай?

Спэцыялісты адзінадушныя: у выніку рэалізацыі праекту так званага «аднаўленьня» гістарычнай часткі Менску найбольш пацярпеў Верхні горад, а таксама раён вуліцы Нямігі.

Верхні горад – гэта сучасная плошча Свабоды і кварталы нешматлікай старадаўняй забудовы, абмежаваныя з усходу ракой Сьвіслаччу, з захаду – вуліцамі Раманаўская Слабада і Гарадзкі Вал, з поўначы – Нямігай і з поўдня – вуліцай Інтэрнацыянальнай.

Практычна ва ўсіх згаданых месцах зафіксаваныя выпадкі неабгрунтаванага зносу гістарычных будынкаў і зьмены ляндшафту, а таксама аздабленьне гораду сучаснымі паркінгамі, офіснымі і гандлёвымі будынкамі.

Шэраг экспэртаў лічаць, што Верхні горад ужо безнадзейна зьнішчаны, іншыя ж вераць у магчымасьць яго «рэінкарнацыі». Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі мае ўласнае бачаньне, як разьвязаць праблему.

Трэба разабраць паркінг, Дом мадэляў і колішні «Белпрампраект»

Харэўскі: «Што тычыцца Нямігі, то, перадусім, – гэта разбор усяго, што было набудавана за апошнія 20 гадоў. Узнаўленьне прыроднага, гістарычнага ляндшафту, стварэньне паркавай зоны ад скрыжаваньня вуліцаў Мясьнікова і Няміга да набярэжнай Сьвіслачы. Верагодна – адкрыцьцё Нямігі, бо ў такім выпадку трымаць яе ў калектары асаблівага сэнсу няма. Дзеля гэтага трэба: разабраць паркінг, Дом мадэляў і колішні «Белпрампраект» архітэктара Шпігельмана 1972 году пабудовы. Пасьля таго, як гэтыя абсалютна чужыя, несумаштабныя аб’екты будуць разабраныя, мы ўсе ахнем – якая прыгожая Няміга! І абсалютна не ўяўляю, каб хто нават са звычайных людзей назваў бы гмах жылога дому на Нямізе прыгожым. Гэта таксама трэба прыбраць. У выніку – зьвяжуцца візуальныя повязі Ракаўскага прадмесьця, Верхняга гораду і Траецкага прадмесьця. У цэнтры гораду мы атрымаем вольную прастору, што, безумоўна, будзе куды больш каштоўна ў сацыяльным і экалягічным сэнсах. Гэта будзе выдатнае разьвязаньне існуючай праблемы».

Архітэктар Уладзімер Папруга, які апекаваўся Верхнім горадам і як інспэктар па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны Менгарвыканкаму, і як незалежны экспэрт, гэтаксама схільны верыць, што Нямігу яшчэ можна ўратаваць. Стары горад мусіць скінуць «навалач», якую яму навязалі некампэтэнтныя людзі.

Тэрыторыя ў гістарычным цэнтры рана ці позна будзе паступова ачышчацца ад усёй гэтай навалачы

Папруга: «Я гэтай працай займаюся шмат гадоў. І напрацоўка прапановаў ідзе паралельна з працэсам, які адбываецца на сёньняшні дзень. У прынцыпе ўсё паказвае на тое, што гэтая тэрыторыя ў гістарычным цэнтры, на якой адбываецца ўвесь той балаган, рана ці позна будзе ўсё ж паступова ачышчацца ад усёй гэтай навалачы, і гістарычны цэнтар папросту скіне зь сябе ўсю яе. І тады можна будзе ставіць пытаньне аб тым, што гістарычны цэнтар зажыве ў сваім нармалёвым гістарычным фармаце. Да таго ж, ёсьць абсалютна ўсе мажлівасьці вельмі рацыянальна разьмясьціць тыя ж паркінгі, але не ў гістарычным цэнтры, як гэта цяпер робіцца, то бок на кожных канкрэтных пляцах і пляцовачках, куды яны проста не садзяцца, а разьмясьціць па пэрымэры гістарычнага цэнтру, на магістралях агульнагарадзкога значэньня. І плошчаў для тых жа самых інвэстараў, бонусаў ў гэтай справе магло б быць значна больш».

А вось у архітэктара Лявонція Зданевіча аптымізм наконт вяртаньня Менску гістарычнай спадчыны стрыманы. Спадар Зданевіч на ўласным досьведзе пераканаўся: цяперашнія ўлады найменей прыслухоўваюцца да таго, што думае з гэтай нагоды грамадзкасьць.

Што сёньня мае магчымасьць зрабіць грамадзкасьць?! Практычна нічога

Зданевіч: «Я быў ініцыятарам, каб перагледзець будаўніцтва «высоткі» на старым Замчышчы, якую цяпер праектуюць (маю на ўвазе тую высотку, якую маюцца збудаваць побач зь першай высоткай па Машэрава, якая бліжэй да мосту, да Нямігі). Гэта я ініцыяваў як сябра грамадзкай рады (яна за час усяго існаваньня зьбіралася ўсяго два разы). І атрымалася большасьць пераканаць, што трэба перагледзець гэты праект. А нядаўна даведаўся: праектуецца высотка яшчэ буйнейшая, чым тая, якую мы быццам ужо адхілілі. Вось так атрымліваецца. У любым выпадку яна залезла плямай сваёй на старыя падмуркі Старога гораду, што вельмі, канешне, дрэнна. Я вам гэта кажу да таго, каб было зразумела: што сёньня мае магчымасьць зрабіць грамадзкасьць?! Практычна нічога. Бо гэта камэрцыйныя інтарэсы, інтарэсы тых чыноўнікаў, якія гэтыя пытаньні вырашаюць. І напэўна, не бясплатна для сябе».

У гістарычным цэнтры Менску сканцэнтраваная асноўная частка архітэктурных помнікаў горада. Але ці не давядзецца ў хуткім часе казаць пра гэта з удакладненьнем у мінулым часе?

Аднаўленьне (або рэгенэрацыя) раней разубураных гістарычных цэнтраў гарадоў – зьява ў сьвеце нярэдкая. Самы блізкі да беларусаў прыклад – аднаўленьне “Старэго Мяста” ў Варшаве пасьля вайны. Тады па ўсёй Польшчы на вуліцах і ва ўстановах стаялі скарбонкі, куды грамадзяне зьбіралі ахвяраваньні на аднаўленьне татальна зьнішчанага ў вайну Старога цэнтру Варшавы. Аднаўляліся старыя цэнтры і ў шэрагу нямецкіх гарадоў. У Нямеччыне гэты працэс працягваецца і ў нашы дні. Летась у Дрэздэне была ўрачыста адкрытая так званая Марыен кірхе – лютэранскі храм вышынёй 98 мэтраў, якога не існавала з часоў вайны. Яго адбудоўвалі на дзяржаўныя і грамадзкія грошы 12 гадоў. Адным з ініцыятараў збору грошай на аднаўленьне гэтага барочнага шэдэўру быў сын ангельскага лётчыка, які ў вайну бамбіў Дрэздэн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?