Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова не выключае росту заработнай платы ў Беларусі найбліжэйшым часам, аднак падкрэслівае: зарплата павінна быць зароблена. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю, якое выйшла ў эфіры тэлеканала «РТР-Беларусь» вечарам 17 верасня.

Размова пра зарплату зайшла ў сувязі з пытаннямі наконт новай крэдытнай праграмы Беларусі з Міжнародным валютным фондам. Каментуючы ўмовы выдзялення крэдыту, Ермакова падкрэсліла: МВФ не патрабуе ад Беларусі захоўваць зарплаты работнікаў на цяперашнім узроўні.

«Адназначна яны не ставяць пытанне, што зарплаты павялічваць не трэба. Гаворка ідзе пра тое, што зарплаты не трэба павялічваць адносна той сітуацыі, якая ў нас сёння ёсць. Аднак, калі давядзецца сур'ёзна змяніць афіцыйны курс нашай валюты, то давядзецца з улікам інфляцыі і зарплату павялічваць», — сказала кіраўнік Нацбанка.

Паводле яе слоў, зарплата «павінна быць зароблена дадатковым паступленнем падаткаў у бюджэт». «Калі бюджэт будзе бездэфіцытным, можна зарплаты павялічыць», — адзначыла Ермакова.

Паводле разлікаў Нацбанка, перамовы з МВФ адносна крэдыту пачнуцца блізу канца кастрычніка. «Папярэдне вызначалася сума крэдыту ў 5—8 мільярдаў долараў. Але, магчыма, нам такія грошы і не спатрэбяцца. Гэта будзе залежаць ад таго, як МВФ ацэніць нашы дзеянні», — заявіла Ермакова, дадаўшы, што фонд ужо ўхваліў апошнія дзеянні ўрада па выйсці на адзіны курс.

Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, тэрмін выйсця на адзіны курс пакуль дакладна не вызначаны. «Мы пакуль не ведаем, які тэрмін нам спатрэбіцца: магчыма, гэта будзе два тыдні, магчыма — месяц-два. Рэч у тым, што калі праз два тыдні курс зафіксуецца на адной лічбе, стане зразумела, што гэты курс рэальны», — растлумачыла Ермакова.

Пры гэтым яна падкрэсліла: «Курс долара, стабільнасць нацыянальнай грашовай адзінкі залежыць не ад таго, калі яе адпусцілі на свабоду, а ад сітуацыі ў эканоміцы, ад здольнасці эканомікі рабіць сваю нацыянальную валюту стабільнай. Калі эканоміка будзе працаваць на эфектыўнасць, то і валюта наша будзе стабільнай. Калі мы зараз знойдзем раўнаважны курс, а эканоміка застанецца на тым жа ўзроўні і будзе працаваць на перавышэнне імпарту над экспартам, то курс усё адно будзе расці».

Ермакова адзначыла станоўчыя змены, што адбыліся пасля ўвядзення 14 верасня дадатковых таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы. «Першы дзень,14 верасня, быў для ўсіх доўгачаканым. Прадпрыемствы і банкі з напружаннем да яго ставіліся, і першы дзень выразіўся ў малых сумах. Трэці дзень ішоў больш актыўна: кліенты 28 банкаў і самі банкі ўдзельнічалі ў таргах, сумы прапаноўваліся больш сур’ёзныя», — паведаміла яна.

У Нацбанку чакаюць росту аб’ёмаў таргоў на дадатковай сесіі БВФБ. Цяпер, паводле слоў Ермаковай, актыўнасць патэнцыяльных прадаўцоў валюты стрымліваюць заканадаўчыя абмежаванні. Справа ў тым, што, згодна з правіламі беларускага бухуліку, прадпрыемствы, якія прадаюць валюту па курсе, што перавышае афіцыйны, павінны з курсавой розніцы выплачваць падатак на прыбытак.

Ермакова паабяцала ўрэгуляваць пытанне так, каб курсавая розніца паміж афіцыйным курсам і курсам дадатковай сесіі падаткам не абкладалася. Паводле яе слоў, гэта праблема зараз разглядаецца на ўзроўні Міністэрства фінансаў. «Пакуль дакумент па гэтым пытанні не прыняты, але ён будзе прыняты», — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?