Грамадзянская жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч заявіла, што тыя меры ўздзеяння, якія прымяняюцца ў дачынанні да палітыка ў папраўчай калоніі ў Шклове, па міжнародных стандартах можна кваліфікаваць як катаванні.

Як заявіла Марына Адамовіч, каля двух месяцаў ад Статкевіча не паступала ніякай інфармацыі. «На сёння ніякая інфармацыя ад яго не выходзіць. Вызваленыя сведчаць, што яго пад канвоем водзяць нават у сталовую. Я не ведаю, што там наогул адбываецца.

Ад яго быў кароткі аднахвілінны званок бацьку і такі ж кароткі званок дачцэ. Мне яму тэлефанаванаць не дазваляюць, лістоў няма наогул»,
 — адзначыла Адамовіч.

Паводле яе слоў, у Мікалая Статкевіча баліць рука, але для яго вызначылі верхнія нары, куды забрацца з адной здаровай рукой вельмі праблематычна. Акрамя таго, адміністрацыя перашкаджае заключэнню іх шлюбу, матывуючы тым, што заява ад Статкевіча згубілася.

«Да яго прымяняецца бесчалавечнае абыходжанне. Па міжнародных азначэннях гэта можна назваць катаваннямі»,
 — гаворыць Адамовіч.

Яна выказвае падзяку магілёўскім праваабаронцам, якія садзейнічаюць распаўсюджванню інфармацыі пра Статкевіча.

У сваю чаргу, як заявіла дэмакратычная актывістка Крысціна Шацікава, актывісты дэмакратычных рухаў Магілёва аформілі Мікалаю Статкевічу падпіску на часопіс Arche, адправілі яму каля двух дзясяткаў паштовак са словамі падтрымкі і інфармацыяй аб тым, што лісты ад асуджанага не даходзяць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?