Канфлікт Лявона Вольскага з тэлеканалам АНТ прымусіў чарговы раз задумацца пра аўтарскае права ў Беларусі.
Як напісаў Вольскі на сваёй старонцы ў сетцы facebook, тэлеканал АНТ выкарыстаў музыку з яго песні «Сонца нам дапаможа» ў якасці саўндтрэка да аднаго са сваіх сюжэтаў, прысвечанага беларускай апазіцыі.

На жаль, тэлеканал АНТ — далёка не першы і, відавочна, не апошні суб’ект гаспадарання ў Беларусі, які парушае аўтарскія правы. Вядома, можна аргументаваць, што іх у Беларусі парушаюць усе: адны запампоўваюць з інтэрнэту фільмы і музыку, іншыя бессаромна перадрукоўваюць чужыя працы, выдаючы іх за свае, нарэшце, практычна ўсе выкарыстоўваюць неліцэнзійнае праграмнае забяспечанне.

Аднак супраць такіх аргументаў знойдуцца і іншыя.

Па-першае, нехта павінен быць першым, хто пачне паважаць аўтарскія правы. Калі ніхто не зробіць першы крок, мы так і застанемся ў каменным стагоддзі.

Па-другое, павагі аўтарскіх правоў мы чакаем у першую чаргу ад тых, хто сам стварае творчы прадукт і патрабуе яго абароны. Тэлеканалы, радыёстанцыі, журналісты ў цэлым, рэкламныя агенцтвы, блогеры, фатографы, мастакі і музыкі — вось тыя, хто абавязаны быць прыкладам астатнім у пытаннях павагі аўтарскіх правоў.

Прыкладаў парушэння аўтарскіх правоў можна прыводзіць незлічонае мноства.

Рэкламнае агенцтва распрацоўвае рэкламны ролік для выкарыстання яго ў радыёэфіры. Стала вельмі папулярным выкарыстаць урывак з вядомай песні, перапісаць тэкст пад рэкламны — і ролік гатовы. Рэкламнае агенцтва прадае замоўцу рэкламны ролік як новы творчы прадукт, пры гэтым папросту забываючы, што выкарыстоўваць у рэкламе ўрывак з песні нельга без згоды аўтара і выплаты яму ганарару.

Таксама парушэннем заканадаўства аб аўтарскіх правах з’яўляецца выкарыстанне ў рэкламе фотаздымкаў і малюнкаў, запампаваных з інтэрнэту або набытых для іншых мэтаў.

Тут неабходна памятаць два, на мой погляд, асноўных правілы Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах».

Правіла першае: любая саступка правоў афармляецца пісьмовай дамовай. Пакуль няма пісьмовай дамовы на выкарыстанне твора — нават не думайце яго выкарыстоўваць. Выпадкі магчымага выкарыстання твораў без згоды аўтара і без заключэння дамовы, прадугледжаныя артыкуламі 18–21 Закона аб аўтарскім праве, тут не лічацца. Гэтыя выпадкі ў абсалютнай большасці прадугледжваюць выкарыстанне твора для асабістых і некамерцыйных мэтаў. Калі вядзецца пра выкарыстанне твораў у прадпрымальніцкай дзейнасці — заключайце дамову з праваўладальнікам.

Але нават заключэнне дамовы з праваўладальнікам часцяком не дае права выкарыстоўваць твор для любых мэтаў.

Тут трэба памятаць правіла другое: саступленымі лічацца толькі тыя правы, якія ясна пазначаныя ў дамове. Напрыклад, рэкламнае агенцтва наймае фатографа, які фатаграфуе і перадае правы на фатаграфіі для выкарыстання ў канкрэтнай рэкламнай кампаніі. У гэтай сітуацыі рэкламнае агенцтва не мае права выкарыстоўваць гэтыя фатаграфіі для іншых мэтаў і ў іншых рэкламных кампаніях.

Закон аб аўтарскім праве падае досыць вялікі пералік магчымых спосабаў абароны: прызнанне аўтарскага права; спыненне дзеянняў, якія парушаюць аўтарскае права; пакрыццё ўласных стратаў; спагнанне даходу, атрыманага парушальнікам; выплату кампенсацыі ў памеры ад 10 базавых велічынь да 50 тысяч базавых велічынь, а таксама шэраг іншых спосабаў.

Аднак справаў пра абарону аўтарскіх правоў на сённяшні дзень вельмі няшмат.

З аднаго боку, гэта звязана з дарагоўляй судовага працэсу. Перад падачай позвы аб абароне аўтарскага права неабходна заплаціць пошліну. Акрамя гэтага, часцей за ўсё неабходна ўлічваць і выдаткі на дапамогу адваката. Такім чынам, толькі падача позвы будзе каштаваць больш за мільён рублёў. Дзейнае заканадаўства прадугледжвае кампенсацыю расходаў боку, які выйграў справу, уключаючы выплату пошліны і юрыдычных паслуг. Але спачатку трэба ўкласці сваё, а прысуджаныя грошы атрымаць праз нейкі час. А сумы спагнаных з парушальнікаў штрафаў наўрад ці пакрываюць час, выдаткаваныя на абарону сваіх правоў.

З іншага боку, шмат каго палохае сама судовая працэдура. Спрэчкі па аўтарскім праве разглядаюцца ў спецыяльнай судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Справа мусіць быць разгледжаная цягам двух месяцаў, як правіла, гэта запатрабуе ўдзелу ў некалькіх паседжаннях, а рашэнне ўступае ў сілу праз 10 дзён, калі не будзе абскарджанае.

Неабходнасць цярпець дадатковыя выдаткі, значная страта часу, няпэўнасць судовага працэсу, невялікія кампенсацыі адпужваюць шматлікіх аўтараў ад падавання позвы ў суд.

Але магу з абсалютнай упэўненасцю сказаць, што, нягледзячы на ўсе ўяўныя складанасці, абараняць свае правы трэба.
І абараняць трэба ў першую чаргу не для сябе. Абараняць правы трэба для іншых. Каб нарэшце пераламаць непавагу да аўтарскіх правоў.

Калі знойдзецца хоць бы дзясятак аўтараў, якія прынцыпова будуць адстойваць свае правы ў кожным выпадку іх парушэння, калі яны змогуць паказаць іншым аўтарам, што гэта магчыма, гэта прымусіць і іншых аўтараў абараняць свае правы. А ў сукупнасці прымусіць карыстальнікаў з павагай ставіцца да аўтарскіх правоў.

Толькі так, крок за крокам, пачынаючы з самога сябе і прынцыпова адстойваючы і абараняючы свае правы, мы зможам пабудаваць сістэму павагі творчай працы і аўтарскага права.

***

Сяргей Зікрацкі — юрыст. Выпускнік факультэта права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Дадатковую юрыдычную адукацыю атрымліваў у Расіі, Латвіі, Польшчы, Вялікабрытаніі (Оксфард). Працаваў у буйных холдынгавых кампаніях. Цяпер узначальвае «Юрыдычнае агенцтва Сяргея Зікрацкага», якое спецыялізуецца на пытаннях дамоўнага і карпаратыўнага права, падаткаабкладання, прававога рэгулявання інфармацыйных тэхналогій, інтэлектуальнай уласнасці, СМІ, рэкламы, прадстаўлення інтарэсаў у гаспадарчых судах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?