Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі 23 верасня пачаў знаёміцца з матэрыяламі распачатай супраць яго справы.
«Фактычна можна гаварыць аб тым, што следства, як стадыя працэсу па справе Алеся Бяляцкага, закончана, таму што ўжо з пятніцы ён разам з адвакатам знаёміцца з матэрыяламі справы», — адзначыў праваабаронца Уладзімір Лабковіч.
Паводле яго слоў, верагодна,
што ўжо ў другой палове кастрычніка можа пачацца суд над Бяляцкім.
Праваабаронца не выключае, што суд будзе закрытым.
Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» быў затрыманы ў Мінску вечарам 4 жніўня. 12 жніўня яму прад’явілі абвінавачанне па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для распачынання крымінальнага пераследу стала інфармацыя аб рахунках праваабаронца ў літоўскім і польскім банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў рамках дагавораў аб прававой дапамозе з Беларуссю.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ