Крэмль атрымаў мэсыдж: за "паразытаў" адкажаце! Ураду загадана змагацца, а ня "склейваць ласты". Увогуле ў выступе Лукашэнкі на "Нафтане" палітыкі было болей, чым нафты.

Ключавой падаецца тэза пра тое, што Беларусь мусіць выкарыстоўваць свой рэсурс — геапалітычнае становішча — гэтак сама, як Расея выкарыстоўвае сыравінны рэсурс.

Калі ўлічыць, што Расеі закідаюць нафтагазавы шантаж, то можа скласьціся ўражаньне, што ў Менску канчаткова вырашылі: на вайне як на вайне!

Афіцыйны кіраўнік пацьвердзіў, што Беларусь мае запатрабаваць грошы за зямлю пад расейскімі трубаправодамі. (А то хто-кольвек з крамлёўскіх надта раскідваецца словамі пра "паразытаваньне" партнэраў. Дык вось разьбярэмся, хто паразытуе!) Дый увогуле, маўляў, трэба яшчэ паглядзець, наколькі ўлічвае кіраўнік "Транснафты" Вайншток беларускія патрэбы, перш чым прапампоўваць ягонае "чорнае золата" ў Эўропу.

Сваім жа ўрадоўцам загадана ўтрымаць эканоміку — кроў з носу!

У гэтых заявах, безумоўна, моцны піяраўскі складнік.

Па-першае, трэба супакоіць насельніцтва.

Натуральна, у адукаванай публікі выклікаюць адно што ўсьмешку патэтычныя фразы пра тое, што дарагія энэрганосьбіты ня мусяць адбіцца на становішчы народу. Хіба кампэнсацыю з пальца выссуць? Але ж у нас яшчэ так багата электарату, якому здаецца, што ўсе даброты зь нейкага чароўнага меха раздае высокае кіраўніцтва!

(Спадарожная піяраўская задача — загадзя вызначыць крайніх на выпадак, калі эканоміка пачне валіцца. Міністры мышэй не лавілі!)

Па-другое, трэба дэзавуяваць вэрсіі апазыцыі пра тое, што за кулісамі можа ў любы момант адбыцца ціхая здача незалежнасьці: "Нас на калені ніхто ставіць ня будзе!".

Па-трэцяе, Захад мусіць ўпэўніцца, што Менск насамрэч ашчацініўся супраць расейскага энэргетычнага шантажу і ў гэтым сэнсе можа прэтэндаваць на роль партнэра. (Хаця тут перабор. Намер абслугоўваць нафтавы транзыт залежна ад паводзінаў сп.Вайнштока наўрад ці спадабаецца Эўропе, якая хоча гарантаваных паставак.)

І, нарэшце, бадай, самае галоўнае: трэба псыхалягічна ўзьдзейнічаць на Расею.

Прычым ня толькі палохаць Крэмль ды алігархаў (захлыніцеся сваёй нафтай, мы сабе з Вэнтсьпілса напампуем!).

У тамтэйшым грамадзтве стаўленьне да канфлікту зь Беларусьсю зусім не такое адназначнае, як было ў выпадку з Грузіяй. Шмат хто вінаваціць сваіх алігархаў і заступаецца за братоў-беларусаў. А тут у Крамля выбары на носе — адны, другія... Так што і ўнутраны ціск можа прымусіць кіроўную эліту трохі стрымліваць свой імпэт у высьвятленьні стасункаў зь Менскам.

Увогуле пагрозы вылучыць Маскве паўнаважкі сустрэчны зыск гучалі і мінулымі гадамі. "Але зараз пэрыяд ваяўнічай рыторыкі дастаткова працяглы, каб дапускаць імавернасьць рэальных захадаў", — мяркуе палітоляг Андрэй Фёдараў.

Ён лічыць, што гэтая імавернасьць будзе залежаць ад таго, наколькі эканоміка пацягне новыя кошты на энэрганосьбіты. Калі паўстане пагроза рэзкага падаражэньня паслугаў ЖКГ, высокай інфляцыі, то Масква сапраўды можа атрымаць сур'ёзны рахунак.

Натуральна, кепска тое, што стратэгія энэргетычнае бясьпекі ліхаманкава намацваецца ў форс-мажорных варунках.

Адно можа грэць душу адэптаў незалежнасьці: доўжыцца танец на касьцях "саюзнае дзяржавы".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?