Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў здаровы, яго абследавалі лекары, ціск нармальны, агульны стан задавальняючы, цялесных пашкоджаньняў няма, ён нават памыўся ў лазьні. Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік адміністрацыі магілёўскага ізалятара № 4 палкоўнік Аляксандар Ламаза.
Ламаза кажа, што 26 верасня Саньнікаў гутарыў з адным са сваіх адвакатаў цягам гадзіны. Ламаза адзначыў, што Саннікаў папрасіў пра такую сустрэчу, і адміністрацыя калоніі дазволіла.
Адвакатка Марына Кавалеўская, якая наведала Саннікава 27 верасня, зазначыла, што днём раней вязня перавялі ў адзіночную камеру.
Ламаза патлумачыў журналістам: паколькі рамантуюцца масты, этап да Бабруйску ўвесь час адкладаецца. Кіраўнік адміністрацыі ізалятара запэўніў, што Саннікава завязуць у Бабруйск на гэтым тыдні.
Ламаза кажа, што пакет на Саннікава закрыты і ён не мае права глядзець, які будзе апошні пункт этапу.
Другі тыдзень Андрэя Саннікава вязуць па этапу з Наваполацкай калоніі ў Бабруйскую.
13 мая былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.